У Міністэрстве абароны Расіі заявілі, што УСУ рабілі спробы наступаць на Данецкім, Чывоналіманскім і Паўднёва-Данецкім напрамках. Ва ўкраінскім Генштабе паведамілі, што за суткі на пяці напрамках адбылося 32 баявыя сутыкненні з праціўнікам. У Інстытуце вывучэння вайны расказалі, якія мэты пераследуе Крэмль, атакуючы збожжавую інфраструктуру Украіны.
Расказваем пра галоўнае са зводак штабоў і высноваў экспертаў на 513-ы дзень вайны ва Украіне.
Генштаб УСУ: Нанеслі восем удараў па раёнах канцэнтрацыі асабовага складу праціўніка
За мінулыя суткі расійскія войскі нанеслі масіраваны ракетна-авіяцыйны ўдар па тэрыторыі Украіны, выкарыстаўшы крылатыя ракеты і ўдарныя БПЛА тыпу Shahed. Акрамя таго, праціўнік нанёс 49 авіяцыйных удараў і правёў 72 абстрэлы з рэактыўных сістэм залпавага агню. Ёсць пацярпелыя сярод мірнага насельніцтва, паведамляе Генштаб УСУ.
— За мінулыя суткі на Купянскім, Ліманскім, Бахмуцкім, Аўдзееўскім і Мар'інскім напрамках адбылося 32 баявыя сутыкненні з праціўнікам.
— На Северскім і Слабажанскім напрамках расійскія войскі нанеслі авіяцыйныя ўдары ў раёнах чатырох і абстралялі больш за 25 населеных пунктаў у Чарнігаўскай, Сумскай і Харкаўскай абласцях.
— На Купянскім напрамку УСУ трымаюць абарону, адбілі атакі на паўднёвы захад ад Масютоўкі. Расійская армія з мінамётаў і артылерыі абстраляла дзевяць населеных пунктаў Харкаўскай вобласці.
— На Ліманскім напрамку артылерыйскім абстрэлам падвергліся восем населеных пунктаў Луганскай і Данецкай абласцей.
— На Бахмуцкім напрамку УСУ адбілі атакі праціўніка на паўднёва-заходняй ускраіне Кляшчэеўкі. Ад артылерыйскіх абстрэлаў расійскіх войскаў пацярпелі больш за дзесяць населеных пунктаў Данецкай вобласці.
— На Аўдзееўскім напрамку УСУ адбілі атакі расійскіх войскаў у раёне Невельскага. Праціўнік нанёс авіяўдары ў раёнах Паўночнага і горада Аўдзееўка, абстраляў з артылерыі больш за дзесяць населеных пунктаў Данецкай вобласці.
— На Мар'інскім напрамку УСУ працягваюць стрымліваць наступ расійскіх войскаў у раёнах Новаміхайлаўкі і Мар'інкі Данецкай вобласці. Расійская армія нанесла авіяўдары каля Александропаля і Новаміхайлаўкі, абстраляла больш за 15 населеных пунктаў у Данецкай вобласці.
— На Шахцёрскім напрамку праціўнік нанёс авіяўдары ў раёнах пяці і абстраляў пяць населеных пунктаў Данецкай вобласці.
— На Запарожскім і Херсонскім напрамках расійскія войскі імкнуцца не дапусціць далейшага прасоўвання УСУ. Спрабавалі, але беспаспяхова аднавіць страчанае становішча ў раёне на поўнач ад Прыютнага Запарожскай вобласці. Нанеслі авіяцыйныя ўдары ў раёнах пяці і абстралялі з артылерыі больш за 30 населеных пунктаў Запарожскай, Херсонскай абласцей і горад Херсон.
У той жа час Сілы абароны Украіны працягваюць вядзенне наступальнай аперацыі на Мелітопальскім і Бярдзянскім напрамках, замацоўваюцца на дасягнутых рубяжах.
— Авіяцыя Сіл абароны нанесла восем удараў па раёнах канцэнтрацыі асабовага складу праціўніка.
— Знішчаны разведвальны БПЛА аператыўна-тактычнага ўзроўню.
— Падраздзяленні ракетных войскаў і артылерыі пабілі дзесяць артылерыйскіх сродкаў на агнявых пазіцыях, два сродкі супрацьпаветранай абароны, дзве станцыі РЭБ і яшчэ чатыры важныя аб’екты расійскіх войскаў.

Мінабароны Расіі: Спынілі дзейнасць некалькіх ДРГ
У Мінабароны Расіі заявілі, што ўначы нанеслі ўдар «па аб’ектах, дзе рыхтаваліся тэрарыстычныя акты супраць Расійскай Федэрацыі з ужываннем ударных беспілотных лётных апаратаў», і ўсе цэлі былі пабітыя.
— На Данецкім напрамку падраздзяленні Паўднёвай групоўкі войскаў адбілі дзевяць атак УСУ ў раёнах населеных пунктаў Залатароўка Луганскай і Маёрск, Вясёлае, Мар'інка, Вадзяное і на поўнай ад Кляшчэеўкі Данецкай вобласці.
Авіяцыяй пабітыя жывая сіла і тэхніка УСУ ў раёнах населеных пунктаў Новаміхайлаўка, Дыліеўка, Белая Гара і Аляксандра-Шульціна Данецкай вобласці. У раёнах населеных пунктаў Разліў і Выемка знішчаныя два склады боепрыпасаў 38-й брыгады марской пяхоты УСУ і 118-й брыгады тэрытарыяльнай абароны.
— На Чырвоналіманскім напрамку падраздзяленні групоўкі войскаў «Цэнтр» адбілі тры атакі УСУ ў кірунку населеных пунктаў Чырвоная Дзіброва, Кавалеўка і Кармазінаўка Луганскай вобласці. Нанесенае паражэнне падраздзяленням УСУ ў раёнах населеных пунктаў Неўскае, Макееўка, Новаягораўка, Райгародка Луганскай і Ямпалоўка і Тэрны Данецкай абласцей. У раёне населенага пункта Тарское Данецкай вобласці спыненая дзейнасць украінскай дыверсійна-разведвальнай групы.
— На Паўднёва-Данецкім напрамку ўдарамі авіяцыі і агнём артылерыі групоўкі войскаў «Усход» пабітыя жывая сіла і тэхніка УСУ ў раёнах населеных пунктаў Макараўка Данецкай і Ляваднае Запарожскай вобласці. У раёне населенага пункта Прыютнае Запарожскай вобласці знішчаная ўкраінская дыверсійна-разведвальная група.
— На Запарожскім напрамку адбітая атака УСУ ў раёне населенага пункта Малая Такмачка Запарожскай вобласці. Акрамя таго, знішчаныя два склады боепрыпасаў 23-й механізаванай брыгады і 36-й брыгады марской пяхоты УСУ ў раёнах населеных пунктаў Успенаўка і Раўнаполле.
— На Купянскім напрамку ўдарамі авіяцыі і агнём артылерыі Заходняй групоўкі войскаў нанесенае паражэнне жывой сіле і тэхніцы УСУ ў раёнах населеных пунктаў Стальмахоўка Луганскай і Фігалёўка, Калінава, Загаруйкоўка, Цімкаўка і Чырвонае Першае Харкаўскай вобласці.
У раёне населенага пункта Навасёлаўскае Луганскай вобласці спыненая дзейнасць украінскай дыверсійна-разведвальнай групы. Акрамя таго, у раёне населенага пункта Ваўчанск Харкаўскай вобласці знішчаны склад боепрыпасаў 1-й брыгады спецыяльнага прызначэння УСУ.
— На Херсонскім напрамку ў раёне населенага пункта Велятэнскае Херсонскай вобласці знішчаны склад боепрыпасаў 123-й брыгады тэрытарыяльнай абароны.
Усяго за суткі, паводле МА РФ, авіяцыяй, ракетнымі войскамі і артылерыяй нанесенае паражэнне 102 артылерыйскім падраздзяленням, жывой сіле і ваеннай тэхніцы УСУ ў 123 раёнах. У раёне населенага пункта Раўнаполле Запарожскай вобласці знішчаны склад паліва 36-й брыгады марской пяхоты УСУ. У раёне населенага пункта Новаміхайлаўка Данецкай вобласці пабіты пункт кіравання 79-й дэсантна-штурмавой брыгады УСУ.
Сродкамі СПА перахопленыя 16 рэактыўных снарадаў сістэмы залпавага агню HIMARS. Знішчаныя 14 беспілотных лётных апаратаў.
Інстытут па вывучэнні вайны: УСУ дамагліся поспехаў у раёне Бахмута, а армія РФ — на лініі Купянск — Сватава — Крамянная
Пачашчэнне ўдараў расійскай арміі па ўкраінскіх партах і збожжавай інфраструктуры, а таксама пагрозы марской эскалацыі — імаверна, частка спробы Крамля выкарыстаць свой выхад са збожжавай ініцыятывы для ціску на Захад, каб дамагчыся ад яго значных саступак. Пра гэта гаворыцца ў свежай справаздачы Інстытута па вывучэнні вайны (ISW).
Эксперты нагадваюць, што Украіна збірае большую частку збожжа ў перыяд з ліпеня да жніўня, а ўдары Расіі па ўкраінскіх партах і сельскагаспадарчай інфраструктуры могуць яшчэ больш ускладніць магчымасць Украіны вызваліць месца для новага ўраджаю. Працяглыя збоі ў лагістыцы збожжа ў Украіне, імаверна, будуць мець усё большыя наступствы для паставак збожжа. Такім чынам Расія імкнецца стварыць адчуванне неабходнасці яе неадкладнага вяртання ва ўгоду. Аналізуючы пагрозы Расіі наносіць удары па цывільных судах, эксперты кажуць, што пакуль незразумела, як далёка Крэмль гатовы зайсці. Але ён відавочна разлічвае на тое, што гэта стрымае карабельную актыўнасць у Чорным моры.
Разам з тым, папярэджваюць у ISW, спроба шантажом і пагрозамі дамагчыся эканамічных саступак з боку Захаду можа падарваць намаганні Крамля па завязванні міжнародных сувязяў, бо гэтыя дзеянні ставяць пад пагрозу пастаўкі харчавання ў краіны, якія з’яўляюцца аб’ектамі ўздзеяння Крамля.
У Інстытуце таксама не выключаюць, што, разбураючы ўкраінскую збожжавую інфраструктуру, Крэмль спадзяецца, што нават у выпадку перагляду ўгоды Украіна не зможа выканаць узятыя на сябе абавязанні. Гэта дазволіць Расіі прапанаваць сваё або захопленае на акупаванай тэрыторыі збожжа для выканання ўгоды, што можа прынесці важкі прыбытак расійскай эканоміцы.
Група Вагнера можа адкрыць яшчэ адну базу ў Беларусі ў Гомельскай вобласці недалёка ад мяжы з Украінай. У Інстытуце спасылаюцца на паведамленне Украінскага цэнтра супраціву пра тое, што ў Нараўлянскім раёне каля вёскі Дзятлік пачалося будаўніцтва яшчэ адной базы для ПВК. На момант публікацыі ISW не назірала візуальных пацверджанняў будаўніцтва ў гэтым раёне.
На што яшчэ звярнулі ўвагу эксперты:
- украінскія сілы працягвалі контрнаступальныя аперацыі як мінімум на трох участках фронту і, як паведамляецца, 20 ліпеня прасунуліся наперад;
- расійскія войскі працягвалі абмежаваныя наземныя атакі на лініі Купянск — Сватава — Крамянная, у раёне Бахмута і на лініі Аўдзееўка — Данецк, а па стане на 20 ліпеня прасоўваліся на лініі Купянск — Сватава — Крамянная;
- украінскія войскі працягвалі абмежаваныя наступальныя дзеянні на ўсход ад Купянска, у раёне Крамянной, у раёне Бахмута і на лініі Аўдзееўка — Данецк і 20 ліпеня дамагліся поспехаў у раёне Бахмута;
- 20 ліпеня ўкраінскія сілы працягнулі наступальныя аперацыі ў раёне Вуглядара і на поўдзень ад Арэхава, а таксама дамагліся абмежаваных тэрытарыяльных поспехаў у заходняй частцы Данецкай і ўсходняй частцы Запарожскай абласцей і заходняй частцы Запарожскай вобласці;
- 20 ліпеня расійскія сілы працягвалі беспаспяхова контратакаваць украінскія пазіцыі на адміністрацыйнай мяжы Данецкай і Запарожскай абласцей.