Украінскія вайскоўцы паведамілі, што пабілі 19 артылерыйскіх сродкаў і пункт кіравання праціўніка. У Мінабароны РФ заявілі, што збілі 38 украінскіх беспілотнікаў і самалёт Су-25. Аналітыкі Інстытута па вывучэнні вайны лічаць, што вызваленне Украінай дзвюх вёсак пад Бахмутам сведчыць пра дэградацыю расійскіх войскаў, якія іх абаранялі. Пераказваем галоўнае са зводак штабоў і высноваў экспертаў на 573-і дзень вайны.
Генштаб УСУ: Пабілі 19 артылерыйскіх сродкаў і пункт кіравання ворага
«Сілы абароны Украіны працягваюць абараняцца на ўсходзе і поўдні Украіны, наступаць на Мелітопальскім і Бахмуцкім напрамках, знішчаюць ворага, крок за крокам вызваляюць часова акупаваныя тэрыторыі і замацоўваюцца на дасягнутых рубяжах», — расказалі ў Генштабе УСУ.
Паводле звестак украінскіх вайскоўцаў, за суткі адбылося 35 баявых сутыкненняў. Расійскія войскі нанеслі 22 ракетных і 57 авіяцыйных удараў, здзейснілі 55 абстрэлаў з рэактыўных сістэм залпавага агню як па пазіцыях УСУ, так і па цывільных аб’ектах.
- У раёне адказнасці АСЗВ «Поўнач» на Валынскім і Палескім напрамках аператыўная абстаноўка без істотных змен.
- На Северскім і Слабажанскім напрамках праціўнік працягвае ўтрымліваць групоўкі войскаў прыкрыцця дзяржмяжы, праводзіць актыўную дыверсійную дзейнасць у памежных раёнах з мэтай не дапусціць перакідвання ўкраінскіх войскаў на пагрозлівыя напрамкі, нарошчвае шчыльнасць мінна-выбуховых загародаў уздоўж дзяржаўнай мяжы ў Белгародскай вобласці Расіі.
-
У зоне адказнасці АСЗВ «Хорціца» на Бахмуцкім напрамку УСУ паспяхова адбілі атакі праціўніка ў раёне Кляшчэеўкі Данецкай вобласці. Праціўнік спрабаваў аднавіць страчаныя пазіцыі ў раёне Андрэеўкі Данецкай вобласці, поспехаў не меў. Сілы абароны працягваюць штурмавыя дзеянні на поўдзень ад Бахмута, наносяць ворагу значныя страты ў жывой сіле і тэхніцы, замацоўваюцца на дасягнутых рубяжах.
-
У зоне адказнасці АСЗВ «Таўрыя» на Мар'інскім напрамку праціўнік вёў беспаспяховыя наступальныя дзеянні ў раёне Мар'інкі Данецкай вобласці. Цягам сутак вораг здзейсніў больш за 10 няўдалых спробаў выцесніць падраздзяленні УСУ з займаных пазіцый. У той жа час на Аўдзееўскім і Шахцёрскім напрамках УСУ ўтрымліваюць ініцыятыву, ціснуць на ворага і крок за крокам адваёўваюць тэрыторыі.
-
На Мелітопальскім напрамку праціўнік вёў беспаспяховыя наступальныя дзеянні ў раёне Рабоціна Запарожскай вобласці, спрабуючы аднавіць страчаныя пазіцыі. УСУ працягваюць трымаць абарону на занятых рубяжах, наносяць акупацыйным войскам страты ў жывой сіле і тэхніцы, знясільваюць ворага.
-
У зоне адказнасці АСЗВ «Адэса» на Херсонскім напрамку Сілы абароны вядуць контрбатарэйную барацьбу, знішчаюць склады забяспечання і наносяць паспяховыя ўдары па тылах праціўніка.
Падраздзяленні ракетных войскаў і артылерыі УСУ за мінулыя суткі пабілі два раёны канцэнтрацыі асабовага складу, узбраення і ваеннай тэхнікі праціўніка, 19 артылерыйскіх сродкаў і пункт кіравання ворага. Украінская авіяцыя нанесла 9 удараў па раёнах канцэнтрацыі асабовага складу праціўніка.
«Крэмль працягвае адпраўляць вайскоўцаў з тэрытарыяльных суб’ектаў РФ на часова акупаваныя тэрыторыі нашай краіны. Так, 15 верасня ў часова акупаваны горад Джанкой (АР Крым), на мясцовы вайсковы аэрадром, прыбыло блізу 100 вайскоўцаў тэрміновай службы з Кабардзіна-Балкарскай Рэспублікі РФ для ўзмацнення аховы і абароны названага аб’екта», — падсумавалі ў Генштабе УСУ.

Мінабароны РФ: Пабілі тры пункты кіравання і два склады боепрыпасаў, збілі самалёт Су-25
— На Данецкім напрамку падраздзяленні Паўднёвай групоўкі войскаў ва ўзаемадзеянні з авіяцыяй і артылерыяй адбілі дзве атакі штурмавых груп УСУ ў раёнах населеных пунктаў Маёрск і Каменка Данецкай вобласці. Страты праціўніка склалі да 225 вайскоўцаў забітымі і параненымі, дзве баявыя браніраваныя машыны і тры аўтамабілі. Акрамя таго, падчас контрбатарэйнай барацьбы пабітыя: самаходная артылерыйская ўстаноўка Krab польскай вытворчасці, дзве артылерыйскія сістэмы М777 вытворчасці ЗША, а таксама самаходная гаўбіца «Гваздзік», заявілі ў Мінабароны Расіі.
— На Запарожскім напрамку падраздзяленнямі расійскай групоўкі войскаў, ударамі авіяцыі, агнём артылерыі і цяжкіх агнямётных сістэм адбітая атака 71-й егерскай брыгады УСУ ў раёне населенага пункта Вербавае Запарожскай вобласці. Таксама нанесенае паражэнне жывой сіле і тэхніцы УСУ ў раёнах населеных пунктаў Чарыўнае, Белагор’е і Новаданілаўка Запарожскай вобласці. За суткі на гэтым напрамку забітыя больш за 175 украінскіх вайскоўцаў, знішчаныя дзве баявыя браніраваныя машыны і два аўтамабілі. Падчас контрбатарэфнай барацьбы пабітыя: дзве самаходныя артылерыйскія ўстаноўкі Krab, артылерыйская сістэма М777, самаходная гаўбіца «Акацыя», дзве гаўбіцы Д-30, а таксама гарматы «Мста-Б» і Д-20.
— На Чырвоналіманскім напрамку зладжанымі дзеяннямі падраздзяленняў групоўкі войскаў «Цэнтр», ударамі армейскай авіяцыі і агнём артылерыі адбітыя тры атакі штурмавых груп 63-й і 67-й механізаваных брыгад УСУ ў раёне населенага пункта Тарское Данецкай вобласці і на поўдзень ад населенага пункта Чырвоная Дзіброва Луганскай вобласці. Забітыя да 65 украінскіх вайскоўцаў, знішчаныя дзве баявыя браніраваныя машыны, два пікапы, а таксама гаўбіца Д-20.
— На Паўднёва-Данецкім напрамку падраздзяленнямі групоўкі войскаў «Усход» адбітая атака УСУ ў раёне населенага пункта Старамаёрскае Данецкай вобласці. Акрамя таго, ударамі авіяцыі і агнём артылерыі нанесенае паражэнне жывой сіле і тэхніцы 110-й брыгады тэрытарыяльнай абароны ў раёне населенага пункта Прыютнае Запарожскай вобласці. Страты праціўніка склалі звыш 115 вайскоўцаў, тры баявыя браніраваныя машыны, пяць аўтамабіляў, а таксама гаўбіца «Мста-Б».
— На Купянскім напрамку ўдарамі авіяцыі, агнём артылерыі Заходняй групоўкі войскаў пабітыя жывая сіла і тэхніка УСУ ў раёнах населеных пунктаў Табаеўка, Чарнешчына Харкаўскай вобласці і Стальмахоўка Луганскай вобласці. Забітыя да 20 украінскіх вайскоўцаў, знішчаныя два аўтамабілі. У ходзе контрбатарэйнай барацьбы пабітыя гаўбіцы Д-20 і Д-30.
— На Херсонскім напрамку ў выніку агнявога паражэння за суткі забітыя да 25 украінскіх вайскоўцаў, знішчаныя два аўтамабілі, а таксама пабітыя дзве артылерыйскія сістэмы М777.
У Мінабароны Расіі таксама расказалі пра ўдары па тэрыторыі Украіны за суткі:
- аператыўна-тактычная авіяцыя, ракетныя войскі і артылерыя пабілі жывую сілу і ваенную тэхніку праціўніка ў 127 раёнах. Акрамя таго, у раёнах населеных пунктаў Славянск і Багатыр Данецкай вобласці пабітыя два склады ўзбраення 57-й мотапяхотнай брыгады і 35-й брыгады марской пяхоты УСУ. У раёнах населеных пунктаў Серабранка, Грыгораўка, Александропаль Данецкай вобласці пабітыя тры пункты кіравання 67-й, 100-й і 109-й брыгад тэрытарыяльнай абароны;
- сродкі супрацьпаветранай абароны ў раёне населенага пункта Новапакроўка Запарожскай вобласці збілі самалёт Су-25 Паветраных сіл Украіны, перахапілі 16 рэактыўных снарадаў сістэм залпавага агню HIMARS і «Ураган». Акрамя таго, СПА знішчыла 38 украінскіх беспілотных лётных апаратаў.

Ваенная разведка Вялікабрытаніі: Аперацыі ў нізоўі Дняпра, каб адцягнуць падраздзяленні праціўніка
«У першай палове верасня 2023 года працягваліся жорсткія баі вакол астравоў у нізоўі Дняпра ў Херсонскай вобласці, якія цяпер — лінія фронту. Абодва бакі арганізоўвалі рэйды на невялікіх лодках на астравы і супрацьлеглы бераг ракі», — гаворыцца ў штодзённым аглядзе Мінабароны Вялікабрытаніі.
Паводле звестак разведкі, існуе рэальная магчымасць, што расійскія аперацыі ў гэтым раёне актывізаваліся пасля таго, як гэты сектар перайшоў пад адказнасць нядаўна створанага 40-га армейскага корпуса.
«Колькасць задзейнічаных сіл адносна невялікая ў параўнанні з іншымі франтамі, аднак абодва бакі лічаць гэты раён стратэгічна важным. Гэта таксама дае магчымасць адцягнуць падраздзяленні праціўніка ад інтэнсіўных баявых дзеянняў у Запарожскай і Данецкай абласцях», — лічаць у Мінабароны Вялікабрытаніі.
Інстытут па вывучэнні вайны (ISW): Вызваленне Украінай дзвюх вёсак сведчыць пра дэградацыю расійскіх войскаў, якія іх абаранялі
«Вызваленне Украінай Кляшчэеўкі і Андрэеўкі, за ўтрыманне якіх расійскія войскі ўпарта змагаліся, сведчыць пра сур’ёзную дэградацыю расійскіх падраздзяленняў, якія іх абаранялі», — пішуць аналітыкі амерыканскага Інстытута па вывучэнні вайны.
Эксперты паведамляюць, што расійскія войскі, якія абараняліся на захадзе Запарожскай вобласці з пачатку контрнаступлення, рабілі гэта ў асноўным без ратацыі і, відаць, панеслі сур’ёзныя страты.
Ключавыя высновы ISW:
- паводле ўкраінскіх вайскоўцаў, вызваленне Кляшчэеўкі і Андрэеўкі на поўдзень ад Бахмута магло аслабіць расійскую абарону;
- украінскія контрнаступальныя аперацыі маглі прывесці да асабліва сур’ёзнай дэградацыі крытычна важных элементаў расійскай абароны ў заходняй частцы Запарожскай вобласці;
- у ноч на 18 верасня расійскія войскі нанеслі серыю ўдараў «Шахедамі» і крылатымі ракетамі па прыбярэжных і тылавых раёнах Украіны;
- расійскія войскі 18 верасня вялі наступальныя дзеянні на мяжы Купянск — Сватава — Крамянная, пад Бахмутам, на лініі Аўдзееўка — Данецк, у памежным раёне Данецкай і Запарожскай абласцей, а таксама на захадзе Запарожскай вобласці і прасунуліся на асобных участках;
- украінскія войскі правялі наступальныя аперацыі як мінімум на двух участках фронту і 18 верасня прасунуліся на захадзе Запарожскай вобласці.

Ва ўмовах ваенных дзеянняў мы не можам аператыўна праверыць дакладнасць звестак афіцыйных асобаў пра канфлікт. Любыя паведамленні праціўнікаў пра свае і чужыя страты варта ўспрымаць з пэўнай доляй скепсісу.