У Крыме паблізу Севастопаля атрымаў пашкоджанні патрульны карабель Чарнаморскага флоту РФ «Павел Дзяржавін». Пра гэта ў эфіры «Радыё Свабода» заявіў прадстаўнік Ваенна-марскіх сіл Украіны, капітан 3-га рангу Дзмітрый Плецянчук.
Ніякіх падрабязнасцяў пра гэтае здарэнне Плецянчук не агучыў.
— Я не магу вам даць ніякай інфармацыі пра абставіны гэтага інцыдэнту, назавём гэта так, але факт такі ёсць, — сказаў прадстаўнік ВМС.
Прадстаўнік ВМС Украіны ўдакладніў, што карабель «Павел Дзяржавін» належыць да расійскага флоту, хоць раней украінскі флот меў карабель з такой самай назвай.
Напярэдадні тэлеграм-канал «Крымский ветер» пісаў, што каля 10 гадзін раніцы жыхары Севастопаля чулі глухі выбух. Днём у моры ля Севастопаля маніторынгавая група канала знайшла карабель і катар. Мяркуючы з памераў карабля, гэта мог быць толькі мінны тральшчык. Паводле здагадкі канала, «Павел Дзяржавін» мог падарвацца на міне.
Падобную інфармацыю размясціў і прадстаўнік Адэскай абласной ваеннай адміністрацыі Сяргей Братчук, напісаўшы, што «паводле папярэдняй інфармацыі, карабель падарваўся на міне».
Мінабароны РФ з гэтай нагоды афіцыйных каментароў не давала.
Чарнаморскі флот Расіі, што базуецца ў Севастопалі, які Масква анексавала разам з Крымам у 2014 годзе, неаднаразова падвяргаўся атакам украінскіх сіл пасля пачатку ўварвання ва Украіну ў 2022 годзе. На мінулым тыдні стала вядома, што Расія падпісала пагадненне пра стварэнне пастаяннай ваенна-марской базы на чарнаморскім узбярэжжы грузінскага рэгіёна Абхазія.