Улады ЗША плануюць вывесці Расію на перамовы на ўмовах Украіны да канца 2024 года. Пра гэта, як піша «Коммерсант», заявіў першы намеснік памочніка прэзідэнта ЗША па нацыянальнай бяспецы Джонатан Файнер. Паводле яго, калі Расія не пойдзе на перамовы на ўкраінскіх умовах, Украіна атрымае яшчэ больш падтрымкі ад ЗША і Еўропы.
«Мы б хацелі, каб у канцы наступнага года ўкраінцы аказаліся на такіх пазіцыях, пры якіх Расіі давялося б прымаць рашэнне: або яны садзяцца за стол перамоваў на ўмовах, якія прымальныя для Украіны і якія абапіраюцца на Статут ААН, што дыктуе суверэнітэт і тэрытарыяльную цэласнасць Украіны, усёй тэрыторыі Украіны, або яны будуць мець справу з мацнейшай Украінай, якая абапіраецца на магутнейшую прамысловую базу ў ЗША і Еўропе і ўнутры Украіны, а таксама больш здольнай зноў распачаць наступ», — заявіў прадстаўнік Белага дома, выступаючы на форуме Аспенскага інстытута.
Прадстаўнік Белага дома адзначыў, што менавіта перад такой «дылемай» улады ЗША хацелі б паставіць расійскае кіраўніцтва. Для гэтага пасля 2024 года ЗША павялічаць аб’ёмы вытворчасці сваёй вайскова-прамысловай базы. Акрамя таго, ён дадаў, што ЗША ўжо працуюць з украінцамі з мэтах павялічыць іх вайсковую прамысловасць, у тым ліку на канферэнцыі, якая праходзіць на гэтым тыдні ў Вашынгтоне. Пры гэтым удары ўкраінскага войска па расійскіх тэрыторыях Джонатан Файнер не падтрымаў і запэўніў, што ўлады ЗША такія абстрэлы не каардынуюць.
Нагадаем, размовы пра неабходнасць мірных перамоваў ідуць практычна з першага дня вайны. Узмацніліся яны пасля артыкула галоўнакамандуючага УСУ Валерыя Залужнага пра тое, што сітуацыя на фронце зайшла ў тупік, і гэта можа зацягнуць вайну на гады.
Разам з тым Уладзімір Зяленскі неаднаразова заяўляў, што ніякіх перамоваў не будзе, пакуль Расія цалкам не пакіне ўкраінскую тэрыторыю, у тым ліку Крым.