УСУ ўвечары 14 студзеня збілі над Азоўскім морам расійскі самалёт А-50 і падбілі ІЛ-22. Пра гэта паведамляюць РБК-Украіна і «Суспільне» са спасылкай на крыніцы ў Сілах абароны.
Самалёт Паветрана-касмічных сіл Расіі А-50 дзяжурыў у раёне Кірылаўкі (пасёлак у Мелітопальскім раёне Запарожскай вобласці). Каля 21.10−21.15 14 студзеня самалёт знік з радараў. Паводле адкрытых крыніц, у 2022 годзе Расія мела толькі тры такія самалёты і шэсць яго мадыфікацый А-50У. Адзін з А-50 быў пашкоджаны ў лютым 2023 года на аэрадроме ў Мачулішчах.
Самалёт Іл-22М11 быў падбіты ля ўзбярэжжа Азоўскага мора каля 21 гадзіны 14 студзеня. РБК-Украіна апублікавала перахоп перамоваў, як сцвярджаецца, самалёта з дыспетчарам аэрадрома ў Анапе, дзе той просіць пра эвакуацыю, выклік хуткай і пажарнай машыны.
Іл-22М (ці Іл-22М-11) называюць лётным камандным пунктам кіравання. Борт здольны наладжваць устойлівыя да ўплыву сродкаў радыёэлектроннай барацьбы каналы сувязі з войскамі, а таксама забяспечваць сувязь з баявымі часткамі на зямлі і з франтавой авіяцыяй, што ляціць на нізкай вышыні.
Расійскія ваенныя паблікі паведамілі, што самалёт удалося пасадзіць, ёсць пацярпелыя.
Афіцыйна ні Украіна, ні Расія пакуль гэтую інфармацыю не каментавалі.
Камандуючы Паветранымі сіламі Украіны Мікола Аляшчук у сваім тэлеграм-канале размясціў наступны пост:
«Гэта вам за Днепр! Гарыце ў пекле, нелюдзі! P. S. Пакуль без дэталяў».
Год таму, 14 студзеня, расійская ракета трапіла ў дзевяціпавярховы 16-пад'езны жылы дом у Дняпры. Абрынулася частка дома з 9-га да 2-га паверха. Выбух разбурыў некалькі пад’ездаў і 72 кватэры. Загінула не менш за 46 чалавек, больш за 80 атрымала раненні.
Абноўлена. Галоўнакамандуючы УСУ Валерый Залужны пацвердзіў інфармацыю, што самалёты былі збітыя. На апублікаваным Залужным відэа відаць трэкі самалётаў, якія пралятаюць над Азоўскім морам. Потым адзін з іх знікае проста над морам — сувязь з бортам, хутчэй за ўсё, была страчаная. Пасля гэтага знікае яшчэ адзін.
«Дзякую Паветраным сілам за выдатна спланаваную і праведзеную аперацыю ў Прыазоўі!» — напісаў Залужны.
Чытайце таксама