Акруговы суд Токіа прызначыў найвышэйшую меру пакарання Сіндзі Аобе, якога прызналі вінаватым у падпале анімэ-студыі Kyoto Animation у 2019 годзе, у выніку чаго загінулі 36 чалавек і яшчэ 30 пацярпелі, паведамляе The Japan Times. Гэта лічыцца адным з самых масавых забойстваў у Японіі.
45-гадовы Аоба сцвярджаў, што студыя скрала яго ідэі пасля адхілення яго твораў на штогадовым конкурсе, які праводзіцца кампаніяй. Суд не прызнаў, што кампанія займалася плагіятам якой-кольвек з яго прац.
Абарона Аобы прасіла яго апраўдаць з прычыны псіхічнага разладу, аднак медыцынская экспертыза не прызнала яго вар’ятам. Два псіхіятры, якія давалі паказанні ў судзе, не супалі ў меркаваннях адносна яго псіхічнага стану.
Перад вынясеннем рашэння суддзя спытаў Аобу, ці хоча ён што-небудзь сказаць, на што той адказаў: «Не, не хачу».
Суд асудзіў яго на смерць.
Пажар у студыі Kyoto Animation здарыўся раніцай 18 ліпеня 2019 года. Падпальшчыкам аказаўся 41-гадовы мужчына, яго затрымалі і даставілі ў бальніцу, бо ён таксама атрымаў апёкі (ён больш за год праходзіў лячэнне). Са словаў відавочцаў, падчас інцыдэнту мужчына крычаў «Памры!». На месцы здарэння паліцыянты знайшлі халодную зброю.