Падтрымаць каманду Люстэрка
Беларусы на вайне
  1. Почему Лукашенко больше не отпускает политзаключенных? И зачем КГБ устроил облавы на риелторов? Спросили у политического аналитика
  2. Госсекретарь США заявил, что Трамп готов бросить попытки помирить Украину и Россию и «двигаться дальше» — при каком условии
  3. Антирекорд за 15 лет. В Беларуси была вспышка «самой заразной болезни» — получили закрытый документ Минздрава
  4. Кремль старается переложить вину за отказ от прекращения огня на Киев и требует выполнить условия, которые сделают Украину беззащитной
  5. «Пути молодых мужчин и женщин расходятся»? Откуда растут ноги у тренда, о котором эксперты давно бьют тревогу (но лучше не становится)
  6. Кремль усиливает угрозы в адрес Европы. Эксперты — о том, что стоит за последними заявлениями в адрес Эстонии и Польши
  7. «Не думаю, что что-то страшное». Попытались устроиться в госорганизации с подписью на последних выборах не за Лукашенко — что вышло
  8. «Беларусов действительно много». Поговорили с мэром Гданьска о наших земляках в городе, их бизнесе, творчестве и дискриминации
  9. Битва за частный сектор: минчане отказываются покидать дома ради нового парка
  10. В Польше при загадочных обстоятельствах погиб беларусский активист
  11. Правозащитники: В Дзержинске проводят задержания и обыски, повод — послевыборные протесты
  12. Что стало с «крышей» Бондаревой? Артем Шрайбман порассуждал, почему известная активистка оказалась за решеткой
  13. «У меня нет буквально никаких перспектив, и я буквально никому не нужен». Роман Протасевич рассказал, «как обстоят дела»
Читать по-русски


Саба просіць не называць яго сапраўднае імя, пры гэтым мужчына не хавае твару. Ён камандзір разведгрупы ГУР Украіны. Падраздзяленне «Артан», да якога належыць суразмоўца, удзельнічала ў баях за востраў Змяіны, Бахмут, Кіеўскую вобласць, вызваляла «вышкі Байко», а яшчэ працавала ў тыле ворага — Энергадары, Крыме, Херсонскай вобласці. «Люстэрка» паразмаўляла з Сабам пра тое, як ГУР праводзіць свае аперацыі, «пахаванне ваяра», стомленасць ад вайны, Кірыла Буданава і беларускіх вайскоўцаў.

“Саба” с коллегами на полигоне. Фото предоставлено собеседником
Саба з калегамі на вучэннях па інжынернай падрыхтоўцы. Фота ад суразмоўцы

«Спыненне ўнутранага дыялогу», быт на спецаперацыях, шляхі адыходу

— Чаму Саба?

— У мяне да гэтага быў іншы пазыўны. Яго назваць не магу. А хлопцы, з якімі мы працуем з 2022 года, далі мне пазыўны Саба. Ёсць дзве версіі. Першая — у гонар героя гульні Mortal Kombat Саб-Зіра. Праўда, я ў яе ніколі не гуляў і што гэта за персанаж, не цікавіўся. А другая — быў мульцік з персанажам Сабатаж, ён бегаў з дынамітам і ўсё падрываў вакол.

— Чым займаецца вашае падраздзяленне?

— Мы — частка Галоўнага ўпраўлення разведкі Украіны. Выконваем усе функцыі, якія адносяцца да ГУР, вызваляем акупаваныя тэрыторыі Украіны. Астатняе — да кіраўніцтва, яны адкажуць больш дакладна і кампетэнтна.

— Каб трапіць у «Артан», трэба прайсці абрад «пахаванне ваяра». Што гэта такое?

— Ён праводзіцца на жаданне камандзіра той ці іншай групы. Гэта адзін з кампанентаў падрыхтоўкі. Чалавек капае сабе яму глыбінёй да аднаго метра, яго туды закопваюць з вадалазнай маскай і трубкай у роце. Чалавек цалкам страчвае кантроль над сваім целам, і адбываецца кіслароднае галаданне арганізма. Ідзе мадэляванне стрэсавай сітуацыі. У такім стане баец можа быць ад адной да чатырох гадзін.

Магу расказаць, што са мной было: я перастаў фізічна адчуваць цела і адчуваў пэўныя перажыванні, калі чуў, як мяне закідваюць зямлёй. Вельмі цікава паназіраць за сабой і зразумець, як гэта будзе адбывацца насамрэч, калі ты памрэш і цябе будуць закопваць.

— Пра што думалі тады?

— Няма ніякіх думак. Ёсць паняцце «спыненне ўнутранага дыялогу» — ты перастаеш думаць.

Саба во время «похорон воина». Фото предоставлено собеседником
Саба падчас «пахавання ваяра». Фота ад суразмоўцы

— Як праходзяць вашыя аперацыі?

— Пасля таго як абвясцілі задачу, мы пачынаем планаванне — што, дзе, як. Ёсць асноўны план, запасны і некалькі рэзервовых. Існуе такое паняцце, як штабная гульня. Збіраюцца людзі і вызначаюць варыянты развіцця падзеі. Яны прагаворваюцца на ўсіх узроўнях, уключаючы групы, якія будуць браць удзел у аперацыі, — як мы будзем рэагаваць у пэўнай сітуацыі. Усе ўдзельнікі павінныя разумець лагічную паслядоўнасць дзеянняў усёй каманды.

Мы разбіраем сцэнары, атрымліваем часавыя рамкі. У залежнасці ад спецыфікі задачы выбіраем экіпіроўку і зброю. Рыштунак правяраюць у кожнага байца, для гэтага ёсць спецыяльны чалавек. Размяркоўваем нагружанасць групы, каб вага ў кожнага была прыкладна аднолькавай. І выходзім на выкананне задачы.

— Давайце абмяркуем бытавы бок падчас аперацыі: колькі яна можа доўжыцца, дзе ў гэты час вы спіце, што ясце?

— Вельмі па-рознаму. Ёсць тыя, што доўжацца некалькі дзён, а, напрыклад, аперацыя ў Бахмуце цягнулася некалькі месяцаў, мы тады стабілізавалі сітуацыю на тым участку фронту.

У асноўным разведгрупы працуюць ноччу. Ёсць такое паняцце, як «дзёнка» — у залежнасці ад рэльефу мясцовасці і іншых умоваў будуецца сховішча, каб яно было максімальна замаскаванае, выстаўляецца дазор па перыметры. Праз некалькі гадзін змена байцоў. Трэба, каб людзі за дзень паспелі адпачыць.

Кожны не нясе спальны мяшок, ён можа дзяліцца на дваіх ці на траіх. Як і намёт. Мы стараемся спыняцца ля крыніцы вады, пры неабходнасці апрасняем яе. Бяром высокакаларыйныя прадукты: сушанае мяса, сухафрукты, арэхі.

— Як адбываецца апрасненне вады?

— Ёсць спецыяльныя таблеткі. У залежнасці ад аб’ёму вады разлічваецца іх колькасць. Праз 20−30 хвілін вадкасць гатовая да ўжывання. У ідэале яе, вядома, варта кіпяціць, але не заўсёды ёсць магчымасць карыстацца агнём, бо вогнішча можа нас выдаць, а газавая гарэлка — гэта дадатковая вага.

— Цяпер зіма, як вы грэецеся?

— Ёсць такое паняцце, як слойнасць адзення. Мы выкарыстоўваем спецыяльную сістэму. Ёсць шэсць слаёў. Я адразу на цела надзяваю сінтэтычную кашулю і штаны, яны тонкія. Другі слой — мембранны, падобны да вафлі, ён стварае пэўны паветраны пласт. Потым ідзе трэці слой, ён уцяпляе ўсё. І гэтак далей.

— Дык складана ж хутка рухацца і выконваць задачу.

— Усё правільна. Але калі ты змерзнеш, ты наогул не зможаш правесці аперацыю.

Саба на острове Змеиный, 2023 год. Фото предоставлено собеседником
Саба на востраве Змяіны, 2023 год. Фота ад суразмоўцы

— Нядаўна прэс-служба ГУР апублікавала інфармацыю пра летнюю аперацыю: у жніўні 2023 года дыверсійная група прайшла пешшу больш за 600 кіламетраў па тэрыторыі Расіі і вывела з ладу тры далёкія бамбардзіроўшчыкі Ту-22М3.

— Гэта рэальная сітуацыя. Гэта падрыхтоўка найвышэйшага ўзроўню. 600 кіламетраў — гэта вельмі шмат. Каб прайсці такую адлегласць, трэба старанна спланаваць маршрут і байцы мусяць быць вельмі моцна фізічна падрыхтаваныя: яны нясуць з сабой запас пэўнай зброі, рэчы, ваду, ежу. Пранесці з сабой вадкасць на такую доўгую адлегласць вельмі цяжка. У сярэднім падчас хады чалавек ужывае ад трох літраў у дзень. То-бок маршрут будуецца такім чынам, каб [па дарозе] былі крыніцы вады.

— Гэта як у фільмах паказваюць — на досвітку ўстаў і да заходу ідзеш?

— Тэмп групы вызначаецца самым слабым яе ўдзельнікам. У рэальным жыцці ўсё абмежаванае фізічнымі магчымасцямі арганізма. Хуткасць не можа быць такая, як у кіно. Ты прайшоў, адпачыў, зноў прайшоў і адпачыў. Плюс ідзе група, паміж байцамі можа быць дыстанцыя. Усё залежыць ад рэльефу мясцовасці, ад таго, як тэрыторыя насычаная ворагам, якія ўмовы надвор’я, колькі на табе вагі. Гэта можа быць і 100 метраў за гадзіну. Я не магу сказаць. Вельмі шмат фактараў.

Прайсці нават 20 кіламетраў з грузам па перасечанай мясцовасці не на варожай тэрыторыі — гэта вельмі шмат. Ты перасоўваешся ноччу, небяспечныя ўчасткі, дзе можа быць вораг, праходзяцца пэўным чынам. Для нас чым горшыя нетры, тым лепш. Гэтыя 20 км можна ісці і трое сутак.

Бойцы подразделения “Артан” в маскировочных костюмах. Фото: страница подразделения в Instagram
Байцы падраздзялення «Артан» у маскавальных касцюмах. Фота: старонка падраздзялення ў Facebook

«Звычайна хто першы заходзіць, той першы і памірае»

— Праўда, што калі праводзілі аперацыю на «вышках Байко», то адзін з вашых байцоў прабыў 14 гадзін у вадзе?

— Так. Гэта вельмі моцны псіхічна і фізічна чалавек, максімальна моцны з усіх бакоў.

Баец з пазыўным Конан у інтэрв'ю «Украінскай праўдзе»:

«У нейкі момант пачаліся галюцынацыі: спякота, абязводжванне, стомленасць. Я падумаў, што наперадзе лодка. І толькі з часам зразумеў, што гэта тая самая вышка. Я не мог падплысці да яе ўпрытык, бо вельмі моцны жар. Яна гарыць газам, і язык полымя там вельмі моцны.

Цячэнне стала яшчэ мацнейшым, і мяне пачало адносіць назад. Так было некалькі разоў. Калі мяне адкінула чацвёрты раз, я выбіўся з сіл. Было вельмі моцнае абязводжванне, бо я вельмі шмат напіўся салёнай вады. Пастаянная спякота. Вельмі хацелася спаць. І я павярнуўся на спіну і заснуў».

На пошукі Конана скіравалі спецгрупу, Bayraktar і карабель. Байца ўдалося выратаваць.

— Знайсці чалавека ў адкрытым моры — гэта складана?

— Максімальна. З майго пункту гледжання, гэта практычна нерэальна. Нашае кіраўніцтва робіць усё, каб усе былі жывыя.

— У чым была галоўная небяспека для байца падчас працы на «вышках Байко»?

— Там было шмат варожай авіяцыі і беспілотнікаў. Плюс паравыя ўстаноўкі, якія здабываюць газ. Вельмі горача, адкрытае мора, жалезны аб’ект, які моцна награваецца. Там [нават] з добрай фізічнай падрыхтоўкай вельмі цяжка.

— Там вы кідалі жэрабя з напарнікам. Для чаго?

— Мы спускаліся ў трум, дзе былі некіравальныя авіяцыйныя ракеты. Ён хацеў заходзіць першым, я яму кажу: «Не, не табе трэба». Бо звычайна хто першы заходзіць, той першы і памірае. Але жэрабя выпала яму. Я зайшоў адразу за ім.

— Мы перанеслі нашую размову, бо вы хавалі пабраціма. Як вы ставіцеся да смерці?

— Смерць — гэта лагічная падзея, якая адбудзецца. Заўсёды будзе хацецца пражыць яшчэ трошкі і будуць незавершаныя справы. Незалежна ад таго, калі гэта адбудзецца: сёння, праз пару хвілін або праз 30 гадоў. Гэта заўсёды не ў час. Гэта звычайны працэс нараджэння-смерці. Гэта нармальна.

— Смерць пабрацімаў вас матывуе рабіць сваю працу лепш?

— Вядома. Чым больш ты хлопцаў хаваеш, тым больш жадання адпомсціць за іх. Яны ж не ішлі навязваць камусьці свае ідэі. Яны толькі абаранялі сваю зямлю. Хлопцы не хацелі, каб гвалтавалі іх жанчын і забівалі дзяцей. Яны хацелі, каб ім не расказвалі, як жыць, не навязвалі свае законы і правілы, не бурылі іх свет.

— Калі вы былі найбліжэй да смерці?

— Такія сітуацыі адбываюцца пастаянна. Напрыклад, калі была аперацыя на «вышках Байко» — лодка пачала тануць, а потым усплыла.

Мы ішлі ў моцны шторм. Я быў на карме, за шкіперам. Асноўная частка людзей — ля пярэдняй часткі. І лодка зайшла працэнтаў на 60% у ваду, то-бок вада была ўнутры, і лодка стала пад вуглом. Я разумею, што мяне падняло ўверх, а кулямётчыка, які сядзеў наперадзе, накрыла вадой з галавой. Шкіпер даў задні ход і злавіў хвалю. Гэта нас выратавала. Мы абавязаныя яму жыццём.

Саба с другими бойцами группы после выполнения операции, 2023 год. Фото предоставлено собеседником
Саба з іншымі байцамі групы пасля выканання аперацыі, 2023 год. Фота ад суразмоўцы

Мабілізацыя, жыццё цывільных, стомленасць ад вайны

— Вы на поўнамаштабнай вайне ўжо амаль два гады. Які ваш маральны стан?

— Хаваць блізкіх табе людзей — гэта заўсёды цяжка. Ведаеце, маральны стан у людзей, якія знаходзяцца на акупаваных тэрыторыях або ў палоне, значна горшы. Гэта матывуе мяне — іх трэба вызваліць.

— Пра што вы думаеце, калі чуеце заявы пра тое, што ўсе — людзі, краіны — стаміліся ад вайны?

— Я думаю пра тых, хто загінуў, пра тых, хто ў палоне і на акупаваных тэрыторыях.

— Як вы ставіцеся да закона пра мабілізацыю і патэнцыйнага прызыву 500 000 чалавек?

— Закон Украіны абавязковы да выканання. Калі на заканадаўчым узроўні прымаюцца такія палажэнні, значыць, неабходна ўзяць у гэтым удзел такой колькасці людзей.

— Вы цяпер у Кіеве. Калі бачыце жыццё цывільных, што адчуваеце?

— Вельмі добра, што расійскія войскі не зайшлі ў сталіцу Украіны. Максімальна добра стаўлюся да цывільных людзей. Гэта тое, дзеля чаго мы ваюем.

Жители дома, который был поврежден во время российского ракетного удара. Киеве, 7 февраля 2024 года. Фото: Reuters
Жыхары дома, пашкоджанага падчас расійскага ракетнага ўдару, Кіеў, 7 лютага 2024 года. Фота: Reuters

«Жадаю, каб на беларускай зямлі не было таго жаху, які адбываецца на ўкраінскай»

— Раскажыце пра кіраўніка ГУР Украіны Кірыла Буданава, што гэта за чалавек?

— Вельмі разумны і адважны, ён вядзе вайну з вельмі сур’ёзным ворагам, які пераўзыходзіць Украіну па тэрыторыі і рэсурсе. Расія — небяспечны і моцны праціўнік.

— Вы разам удзельнічалі ў аперацыі.

— Магу сказаць, што Кірыл Аляксеевіч праз рацыю ўзяў штурмавую групу расіян. Іх група выйшла ў эфір і спрабавала нейкія свае ўмовы дыктаваць. Ён з імі пагаварыў — група ў палоне.

— Што ён сказаў?

— Я не чуў ці ўжо забыў (смяецца). Кірыл Аляксеевіч — максімальна ўпэўнены ў сабе мужчына, які вельмі даходліва выкладае сваю пазіцыю.

— Полк Каліноўскага таксама адносіцца да ГУР. Якое ў вас меркаванне пра яго?

— Я не знаёмы з гэтымі людзьмі, не ваяваў з імі. Я вельмі ўдзячны людзям, якія дапамагаюць Украіне аднаўляць яе тэрытарыяльную цэласнасць і абараняюць нашыя сем'і ад ворага.

— Што б вы сказалі беларускім вайскоўцам?

— Я лічу, што вайсковец — гэта пакліканне абараняць сваю зямлю. Я б усім ім жадаў міру, каб не было вайны, каб на беларускай зямлі не было таго жаху, які адбываецца на ўкраінскай.

— У канцы размовы мы заўсёды пытаем, калі і як скончыцца вайна.

— Мы будзем рабіць усё для вяртання нашых тэрыторый, для нашай перамогі. Калі яна скончыцца? Як? Я не ведаю.

— На колькі ў вас яшчэ хопіць сіл?

— Колькі будзе неабходна.

— Да канца?

— Так. Я буду ваяваць або да канца вайны, або пакуль мяне не заб’юць.

Чытайце таксама