У выніку расійскага ракетнага ўдару па Дняпры параненыя 13 чалавек, пяцёра з іх — дзеці. Пра гэта паведаміў кіраўнік Днепрапятроўскай абласной ваеннай адміністрацыі Сяргей Лысак.
Як паведаміў Сяргей Лысак, у выніку ракетнага ўдару пацярпела ўстанова адукацыі.
Паводле апошніх звестак, раненні атрымалі 13 чалавек, у тым ліку пяцёра дзяцей ва ўзросце ад 14 да 17 гадоў.
— Шпіталізаваныя восем параненых. Усе ў стане сярэдняй цяжкасці, — напісаў Лысак у сваім тэлеграм-канале.
Кіраўнік Днепрапятроўскай абласной рады Мікалай Лукашчук удакладніў, што дзяцей закранула аскепкамі шкла, калі яны беглі ў сховішча, пагрозы іх жыццю няма.
Паводле звестак украінскай Службы па надзвычайных сітуацыях, чацвёра дзяцей у бальніцы. У выніку атакі таксама былі пашкоджаныя дзіцячы садок і прадпрыемства.
На апошнім успыхнуў пажар на плошчы 150 кв. м, які ўжо патушылі.
Паветранае камандаванне «Усход» паведаміла, што яго падраздзяленне збіла над горадам кіравальную авіяцыйную ракету Х-59.