У Ліване і паўднёвых прыгарадах Бейрута 18 верасня адбылася серыя выбухаў пераносных радыёстанцый, якія выкарыстоўваюць баевікі «Хезбалы», піша Reuters са спасылкай на крыніцу ў службе бяспекі.
لحظة انفجار جهاز لاسلكي أثناء تشييع في الضاحية الجنوبية pic.twitter.com/jNYyKHhzDq
— Al Jadeed News (@ALJADEEDNEWS) September 18, 2024
Агенцтва паведамляе, што некалькі выбухаў адбылося падчас пахавання сына аднаго з верхаводаў шыіцкай ваенізаванай арганізацыі Алі Амара. Паводле паведамленняў відавочцаў, выбухі адбываліся як на дварэ, так і ў некаторых жылых дамах.
Папярэдне, усяго здэтанавала каля 500 рацый і радыёпрыёмнікаў баевікоў «Хезбалы».
Інфармагенцтвы са спасылкай на Міністэрства аховы здароўя Лівана паведамляюць пра трох загінулых і больш чым сто параненых.
Паводле крыніцы агенцтва ў службе бяспекі, пераносныя радыёстанцыі былі набытыя групоўкай пяць месяцаў таму, прыкладна ў той самы час, калі і пэйджары, якія выбухнулі напярэдадні.
Нагадаем, 17 верасня стала вядома, што ў Ліване масава пачалі выбухаць пэйджары, якія выкарыстоўваліся баевікамі ўзброенай групоўкі «Хезбала». У выніку загінулі прынамсі 12 чалавек, сярод якіх два дзіцяці. Яшчэ амаль 3000 чалавек атрымалі раненні, у тым ліку пасланнік Ірана ў Бейруце.
Як піша Reuters са спасылкай на крыніцы, выбуховыя прылады ў пэйджары, імпартаваныя «Хезбалой», заклала ізраільская выведвальная служба «Масад».