Беларускаму таксісту Генадзю А., па віне якога ў Варшаве аўтамабіль урэзаўся ў групу пешаходаў, выставілі абвінавачанне ў ненаўмысным правакаванні ДТЗ. Яму можа пагражаць да 15 гадоў пазбаўлення волі. Мужчыну забаронена пакідаць Польшчу, у дачыненні да яго ўведзены паліцэйскі нагляд, піша MOST са спасылкай на польскія СМІ.
Удакладняецца, што ў ДТЗ пацярпелі восем чалавек. Стан адной з ахвяраў — 84-гадовай жанчыны — крытычны. Таксама ў бальніцы з цяжкімі траўмамі застаецца 22-гадовы хлопец.
Нагадаем, сур’ёзная аварыя здарылася 9 чэрвеня ў варшаўскім раёне Макотаў. Кіроўца Uber не саступіў дарогу BMW, які ехаў з перавышэннем хуткасці, адбылося сутыкненне. Ад удару BMW вылецеў з дарогі, знёс слуп і сметніцу, пасля чаго ўрэзаўся ў групу пешаходаў, якія пераходзілі вуліцу па пераходзе, і перакуліўся.
У выніку ДТЗ пяцярых пешаходаў шпіталізавалі, у тым ліку дваіх — у цяжкім стане.
Абодва кіроўцы былі цвярозыя.