Сёння, 19 чэрвеня, спаўняецца 100 гадоў з дня нараджэння Васіля Быкава — класіка беларускай літаратуры, аўтара «Жураўлінага крыку», «Альпійскай балады», «Сотнікава», «Знака бяды», без перабольшання легендарнага айчыннага пісьменніка, вядомага як у Беларусі, так і за яе межамі. Але шырокіх святкаванняў даты ў краіне не будзе: Быкаў непажаданы для ўладаў. Прычым не толькі для цяперашніх. За савецкім часам у пісьменніка білі вокны ў кватэры, праслухоўвалі тэлефон, выкрадалі рукапісы, пясочылі яго ў дакладах, а адзін раз нават збілі. За Лукашэнкам яго прымусілі эміграваць і здзекаваліся ў дзяржпрэсе, а цяпер не пакідаюць у спакоі нават пасля смерці. Успамінаем, як усё жыццё беларускага класіка цкавалі за яго погляды.
Напад, праслухоўка, тэлефонны тэрор
Васіль Быкаў марыў стаць мастаком. Перад вайной ён нават паступіў на скульптурнае аддзяленне Віцебскага мастацкага вучылішча, але праз год, у 1940-м, яму давялося сысці: улады адмянілі для навучэнцаў стыпендыі, і цяпер за ўсе матэрыялы і падручнікі трэба было плаціць — а грошай у сям'і Быкава не было.
Потым была вайна. Будучага пісьменніка прызвалі ў Чырвоную армію ў 1942-м, ён вызваляў Украіну, Румынію, Балгарыю, Венгрыю, Югаславію, Аўстрыю, перажыў сур’ёзнае раненне. Дэмабілізаваўшыся, пасяліўся ў Гродне, дзе ў 1949-м у друку з’явіліся яго першыя апавяданні. Першая кніга «Ход канём», прысвечаная сучаснасці, з’явілася толькі ў 1960-м — яе аўтару тады было ўжо 36 гадоў.

У тым самым годзе была апублікаваная і аповесць «Жураўліны крык», якую цяпер праходзяць у школе. А ў 1962-м з’явілася «Трэцяя ракета», якая зрабіла Быкава вядомым — і яна ж прывяла да пачатку цкавання.
«У Менск на пасаду галоўнага рэдактара „ЛіМу“ (газета „Літаратура і мастацтва“. — Заўв. рэд.) прыехаў з Маскоўскай ВПШ (вышэйшая партыйная школа. — Заўв. рэд.) партыйны журналіст Нічыпар Пашкевіч, — успамінаў класік беларускай літаратуры ў мемуарах „Доўгая дарога дадому“. — Натуральна, яму карцела праявіць сябе, засьведчыць партыйную хэнць, пераацаніць да яго ацэненае. Штосьці не задавальняла яго ў апошняй аповесьці Я[нкі]. Брыля. Але Брыль ужо быў ляўрэатам Сталінскай прэміі <…>. Мабыць, на ролю хлопчыка для біцьця Брыль мала гадзіўся. Затое цалкам гадзіўся малады празаік з Горадні Васіль Быкаў. I хутка ў „ЛіМе“ паявіўся грамадны, на цэлы разварот артыкул пад красамоўным назовам „Героі ці ахвяры лёсу?“. Пытаньне ў загалоўку стаяла, вядома ж, рытарычнае. Яшчэ не пачаўшы чытаць, можна было зразумець, што аўтар аповесьцяў — ёлупень і недарэка, а ягоныя героі — ахвяры і сьлюнцяі, зь якіх ні ў якім разе нельга браць прыклад. А калі яны створаны не для прыкладу, дык чаму ж у іх можна навучыцца? Чаму не відно адкрытага аўтарскага асуджэньня ягоных пэрсанажаў ды іхніх учынкаў?»
Але аповесць усё ж пераклалі на рускую мову і выпусцілі ў Маскве (гэта само па сабе давала своеасаблівую індульгенцыю), паводле яе знялі фільм, таму крытыка сціхла.
Сапраўднае ж цкаванне пачалося ў 1965-м, калі Быкаў напісаў аповесць «Мёртвым не баліць». У аснову сюжэта леглі падзеі з яго жыцця. Падчас Кіраваградскай аперацыі ў пачатку 1944-га (праводзілася на тэрыторыі Украіны) ён атрымаў раненні ў жывот і нагу і быў памылкова запісаны загінулым. Бацькі Быкава нават атрымалі пахаванку, дзе гаварылася, што ён загінуў у баях пад Кіраваградам. А імя малодшага лейтэнанта нават выбілі на мясцовым абеліску. У рэчаіснасці ж пасля ранення Быкаў тры месяцы прабыў у шпіталі, а потым вярнуўся на фронт.
Адмоўным героем аповесці стаў Сахно, супрацоўнік савецкай контрвыведкі СМЕРШ. Падчас публікацыі рэальнае месца яго службы давялося прыбраць з тэксту, у аповесці яго называлі проста «афіцэрам штаба». Але чытачы і ўлады ўсё роўна пра ўсё здагадаліся. Спярша аповесць надрукавалі на мове арыгіналу — па-беларуску — у часопісе «Маладосць», потым апублікавалі ў перакладзе на рускую ў часопісе «Новый мир», самым перадавым літаратурным выданні ў СССР таго часу.
«Iнстанцыі зрэагавалі апэратыўна, і праз колькі дзён выйшаў чарговы нумар „Правды“ зь вялікім артыкулам У[ладзіміра]. Сеўрука (як пасьля выявілася, слухача Акадэміі грамадскіх навук). У гэтым артыкуле канстатавалася несумненная няўдача пісьменьніка, абараняўся гонар Савецкай арміі, пераможцы фашызму, даваліся ўстаноўкі, як трэба пісаць на тэму мінулай вайны. <…> За праўдзінскім артыкулам, бы па камандзе, пасыпаліся вельмі крытычныя, часта зьневажальныя артыкулы з палітычным падтэкстам ва ўсіх іншых цэнтральных газэтах. <…> Цікава, што ўвогуле аўтара білі за што заўгодна — паклёп, прыніжэньне, скажэньне — але нідзе не было сказана ніводнага слова пра „сьмерш“, ці НКВД, ці КДБ», — успамінаў сам Быкаў.
Неўзабаве пасля гэтага да пісьменніка прыйшоў падпалкоўнік КДБ — пісьменнік лічыў, што такім чынам органы проста збіралі на яго інфармацыю, якой не хапала. Тады ж Быкаў пачаў заўважаць, што яго асабістую перапіску таксама чытаюць.
«У выніку буйнай кампаніі дыскрэдытацыі твору Быкава аўтар пачаў атрымліваць шмат лістоў ад яго чытачоў, — расказваў пісьменнік у мемуарах. — Пісалі зь Беларусі, з Масквы, зь Пецярбургу і нават зь Сібіры і Далёкага Ўсходу. Аўтары былі самыя розныя — ад вэтэранаў былой вайны да моладзі і студэнтаў. Значная бальшыня пісьмаў была ў падтрымку пазыцыі аўтара, падзяка за праўду вайны. <…> Але ўжо тады заўважыў, што ўсе лісты былі пэрлюстраваныя, што ня надта і ўтойвалася пэрлюстратарамі. Вядома, што папера савецкіх купэртаў была благая, і сьляды гарачага адпарваньня на другім баку былі відавочныя (гаворка пра тое, што канверты ўскрывалі з дапамогай гарачай пары. — Заўв. рэд.). Пры тым некаторыя з лістоў пэрлюстраваліся па некалькі разоў, у розных інстанцыях».
Асабліва сапсаванымі выглядалі лісты бацькам у вёску: «Падобна, іх адпарвалі ў Гародні, дзе я іх апускаў у скрынку, затым у Менску і, вядома ж, па месцы адрасата — усім трэба было ведаць, што піша Быкаў. Але я даўно ўжо не пісаў нічога падазронага, тым болей бацькам. Як, дарэчы, і яны мне, чые лісты былі ня лепшыя з выгляду. Калі трапляла якая бандэроль — кніга ці рукапіс, дык яна была бязьлітасна пашкуматаная (бы яе грыз сабака) і мела чорны паштовы штэмпель: „Поступила в поврежденном виде“. Некаторыя лісты наогул не прыходзілі — мабыць, адразу ішлі ў „справу“. Тады ксэраксаў яшчэ не было, а на перадрук органы ашчаджалі працу „кваліфікаваных машыністак“».
Савецкія органы дзейнічалі па ўказанні з самага верху. Яшчэ 20 чэрвеня 1969 года старшыня КДБ Юрый Андропаў даслаў у ЦК КПСС сакрэтную запіску наступнага зместу: «Комитет государственной безопасности Белоруссии располагает данными о политически нездоровых настроениях белорусских писателей — члена КПСС КАРПЮКА (пісьменнік Аляксей Карпюк. — Заўв. рэд.) и БЫКОВА <…>. В настоящее время к Быкову проявляют повышенный интерес идеологические центры противника. Комитетом госбезопасности Белоруссии с санкции Компартии республики готовятся мероприятия, направленные на предотвращение враждебных намерений со стороны названных лиц».
Органы дзяржбяспекі не грэбавалі і ператрусамі ў кватэры класіка: у мемуарах ён успамінаў, як з яго дома пачалі знікаць кнігі і лісты. Адбывалася гэта, калі гаспадары сыходзілі з кватэры. Жонцы Быкава тады акурат спатрэбілася хатняя памочніца: «Хтось з выкладчыц пэдінстытуту параіў добрую жанчыну, адзінокую, якая магла б прыходзіць разы два на тыдзень прыбіраць у кватэры. Хутка яна і зьявілася ў нас — добрая, руплівая жанчынка. Яна сапраўды жыла адзінокай, хаця мела сына, і ўжо пабывала ў лягеры. Праўда, ня надта было зразумела за што. Ды я не цікавіўся. Звычайна, як яна прыходзіла прыбіраць, мы з хлопцамі вымяталіся на падворак ці яшчэ куды — каб не замінаць. Прыбірала добра, старанна. <…> Мяркуючы па ўсім, пасьля таго, як з кватэры вымяталіся гаспадары, туды прыходзілі госьці».
Гэтыя ж людзі ўсталявалі ў кватэры і прыладу праслухоўкі. Як успамінаў Быкаў, у той час яго запрасілі ў Румынію, дзе ён сустрэўся з даследчыкам з прозвішчам Утан, які падарыў яму сваю візітоўку. Пісьменнік падчас сустрэчы ў сябе ў кватэры расказаў пра гэта сябру, гісторыку Барысу Клейну, паказаў яму візітоўку і дадаў, што той напісаў пра Беларусь у сваёй кнізе. Але ў той час генеральным сакратаром ААН быў бірманец (цяпер гэтая краіна называецца М’янма) У Тан.
«Празь які дзень у Горадні падняўся таемны шум наконт У Тана, — успамінаў Быкаў. — Знаёмы доктар цікавіцца, з кім я сустракаўся ў Румыніі? А што, і генсек ААН быў там? — Ды не, кажу, што яму там рабіць? Звоніць дырэктар бібліятэкі: ня можаце назваць, якія кнігі напісаў У Тан? Тут спатрэбіліся, а знайсьці ня можам. Пытаюся, каму спатрэбіліся? — Toe не тэлефонны разгавор… Але ведама каму. Словы Клейна яны запісалі, а візытоўку, вядома, ня бачылі і падумалі, што тое — нелегальна прывезеная кніга У Тана. Значыцца, дзесь пад канапай у мяне — жучок».
Улады выкарыстоўвалі і пагрозы — як фізічныя, так і псіхалагічныя. Напрыклад, Быкаву білі акно ў кватэры: «Дома, на Кашавога, яшчэ было ня позна, бліскаў тэлевізар, і раптам — удар у вакно, шыбіна — у друз, на падлозе кавалак цагліны. Я выбег на вуліцу — нідзе нікога. Назаўтра пасьля невясёлага роздуму пайшоў у міліцыю, напісаў заяву. Пасьля змусілі перапісаць, сказалі, будуць расьсьледаваць. Нейкі час чакаў выніку, пасьля перастаў чакаць».
Наступным крокам стаў тэлефонны тэрор. Сябар пісьменніка Аляксей Карпюк змог прабіць усталяванне дома ў Быкава тэлефона (тады гэта было праблемай): «Стала зручна куды пазваніць, ня трэба было бегчы на пошту ці да аўтаматаў, якія ніколі не былі спраўныя. Але пачалося іншае ліха, прынамсі для мяне. Пачалі званіць — з Горадні, Менску, Масквы ці чорт ведае адкуль — не называючыся. То быў форменны тэлефонны тэрор, пэўна ж кімсьці арганізаваны. Але вядома кім. У любы час дня і ночы трашчэў телефон, устрывожаны, я ўскокваў з ложку і чуў першае пытаньне: „Да якога часу вы будзеце падрываць савецкую ўласьць?“ Або: „Многа вам заплаціла ЦРУ за паклёп на партыю і Чырвоную армію?“».

Кульмінацыяй стаў напад на пісьменніка. Аднойчы ён гуляў з ужо згаданым гісторыкам Барысам Клейнам: «Клейн жыў недалёка, у цэнтры гораду, каля турмы. Прайшлі ў адзін канец, затым у другі. Было ўжо цёмна, людзей на вуліцы трапляла няшмат. Ля самага яго пад’езду раптам перад намі выніклі трое, заступілі дарогу. Сьпярша мы нават не зразумелі, чаму яны перагарадзілі нам вузкі шлях, як тут жа атрымалі па удары ў твары — я і Барыс. У таго адразу ўпалі пад ногі акуляры, я здушана крыкнуў: „У чым справа?“ I зноў атрымалі — другі раз. Тады мы закрычалі — на ўсю вуліцу. Адзін таропка перайшоў на другі бок, дзе ўжо стаяў трэці зь іх групы. Астатні раптам наблізіўся амаль ушчыльную, але замест таго, каб ударыць, ціха сказаў „Простите, ребята!“ і пайшоў да тых двух».
«Мы з Васілём вярталіся з чарговай вечаровай прагулкі. З падваротні майго дома на вул. Энгельса выскачылі невядомыя. Я паспеў заўважыць аднаго — таго, хто моцна ўдарыў мяне ў твар кулаком і разбіў мне акуляры. Быкаў схапіўся з імі, але не змог нікога затрымаць. Скардзіцца мы дакладна не сталі — каму і на каго? Іх падаслалі, яны зрабілі сваё», — дадаваў ва ўласных мемуарах Клейн.
Крытыка на адрас Лукашэнкі і ад’езд у эміграцыю
У сямідзясятыя гады цкаванне Быкава паступова сышло на нішто. Савецкія ўлады зразумелі, што прасцей даць яму прызнанне, чым змагацца, а таму не скупіліся на ўзнагароды. Быкаў стаў лаўрэатам Дзяржпрэміі СССР (1974) і БССР (1978), народным пісьменнікам Беларусі (1980), Героем сацыялістычнай працы (1984), лаўрэатам Ленінскай прэміі (1986).
Але нягледзячы на ўзнагароды, абмежаванні і цэнзура ў дачыненні да жывога класіка нікуды не зніклі. Напрыклад, гэта датычыць знакамітай аповесці «Мёртвым не баліць», упершыню апублікаванай у часопісах у 1965-м. Пасля гэтага па-беларуску гэты твор не друкавалі 17 гадоў, у перакладзе на рускую — 23. Але і пасля дазволу на друк савецкія цэнзары не пакінулі твор у першапачатковым выглядзе. «Нават падчас першага кніжнага выдання ў 1982 годзе у 4-томным зборы твораў Быкава да купюр 17-гадовай даўніны дадаліся новыя, бо гэтага патрабаваў Галоўліт (галоўнае цэнзурнае ведамства ў СССР. — Заўв. рэд.). Менавіта ў такім скалечаным выглядзе твор і вядомы сучаснаму чытачу», — расказвалі даследчыкі (толькі дзесяць гадоў таму, да 90-годдзя аўтара, быў выдадзены першапачатковы быкаўскі варыянт).
Ужо падчас перабудовы тагачасны кіраўнік КДБ СССР Віктар Чэбрыкаў быў супраць публікацыі аповесці Быкава «Знак бяды» — спатрэбілася асабістае ўмяшанне Міхаіла Гарбачова, дзякуючы якому твор пайшоў у друк і атрымаў Ленінскую прэмію.
Узнагароды Быкава не толькі перашкаджалі маштабнаму цкаванню пісьменніка. Статус дапамагаў яму прабіваць важныя для беларусаў рэчы. Напрыклад, у 1988-м у газеце «Літаратура і мастацтва» (той самай, што за гады да гэтага надрукавала разгромны артыкул пра маладога Быкава) выйшаў артыкул «Курапаты — дарога смерці». Яго аўтарамі былі Зянон Пазняк і Яўген Шмыгалёў. Менавіта ў гэтым тэксце ўпершыню былі апублікаваныя факты пра расстрэлы беларусаў ва аднайменным урочышчы ў 1930-я гады. Кароткую прадмову напісаў менавіта Быкаў. Пісьменнік увайшоў у аргкамітэт па стварэнні Беларускага народнага фронту — а на першым паседжанні перашкодзіў прадстаўніку кампартыі сарваць яго.
Класік беларускай літаратуры падтрымаў курс краіны на незалежнасць і вітаў яе абвяшчэнне. У 1993-м ён стаў адным з сустаршыняў аргкамітэта па правядзенні Першага з’езда беларусаў свету, які аб’ядноўваў нацыю і ўключаў у айчынны парадак дня эмігрантаў з розных кантынентаў.
У тым самым 1993-м адбылася важная падзея, якая вызначыла стаўленне дзяржавы да Быкава на доўгія гады. Тады Аляксандр Лукашэнка — на той момант яшчэ толькі дэпутат беларускага парламента — паехаў з візітам у Маскву, дзе даў інтэрв'ю газеце «Правда». Яно выйшла пад назвай «Да возродится!», а гаворка ў ім ішла, па сутнасці, пра жаданне беларускага палітыка аднавіць Савецкі Саюз у форме новай імперыі.
Праз некалькі дзён, 1 верасня, у «Народнай газеце», тады самым папулярным выданні Беларусі, быў апублікаваны адказ пісьменніка. «Артыкул Быкава быў надрукаваны 1 верасьня, празь некалькі дзён пасьля інтэрвію Лукашэнкі. Ніколі раней Быкаў не прысьвячаў нейкай публікацыі асобны артыкул, прычым, калі ўлічыць тэхналягічны працэс выхаду „Народнай газэты“ (нумар рыхтаваўся за суткі да выхаду), Васіль Уладзімеравіч напісаў свой тэкст адразу», — адзначаў у кнізе «Дзевяноста трэці» дэпутат парламента ад БНФ Сяргей Навумчык. Паводле яго, «форму Быкаў абраў, на маю думку, ідэальную: ён цытуе Лукашэнку, але нідзе ня згадвае ягонага прозьвішча. Іншымі словамі, кажа пра яго як пра зьяву. І зьяву вельмі небясьпечную».
Вось канкрэтныя цытаты Быкава з таго артыкула (цытуем іх паводле кнігі Навумчыка): «Канешне, у свой час у гэтай газэце даводзілася чытаць і не такія матэрыялы (зрэшты, і ў пазьнейшы таксама), але каб з гэткай ашаламляльнай адкрытасьцю паставіцца да кволай незалежнасьці краіны, дзе нарадзіўся і жывеш, дзе будуць жыць твае дзеці, — такое трэба пашукаць у наш час сярод самай чырвона-карычневай прэсы».
Лукашэнка — паўторым, яго прозвішча ў тэксце не называлася — характарызаваўся як «перапалоханы чалавек, які за гады ідэалягічнага ачмурэньня, відаць, так і не разабраўся ў гістарычнай сутнасьці часу». Быкаў назваў галоўную, на ягоную думку, прычыну прагі рэваншу прыхільнікаў аднаўлення СССР у нейкай форме: «Глядзіш, народ раптам паразумнее, забярэ зямлю і пачне ладзіць жыцьцё на свой лад, як спрадвеку ладзілі яго продкі і ладзяць цяпер па ўсім сьвеце — на аснове здаровага сэнсу і прыватнай уласнасьці. Значыць, спадзяванка адна: звыклы камуністычны рэжым, дзе так салодка жылося вялізнай зграі партыйна-гаспадарчых захрыбетнікаў. І цяпер, спахапіўшыся, яны пачалі адмаўляць у сувэрэннасьці краіне, у якой звыклі валадарыць».
Да аргументаў пісьменніка беларусы не прыслухаліся: у наступным, 1994-м, годзе Лукашэнка перамог на першых прэзідэнцкіх выбарах і стаў кіраўніком краіны. Быкаў на тых выбарах быў даверанай асобай Зянона Пазняка, лідара БНФ. За Лукашэнкам пачаўся рух да дыктатуры. У 1995-м у парламент былі ўведзеныя сілавікі, якія збілі дэпутатаў, што знаходзіліся там (яны абвясцілі галадоўку на знак пратэсту супраць парушэння Канстытуцыі).
У адказ Васіль Быкаў заявіў, што краінай цяпер «кіруе прэзідэнцкая хунта» (то-бок група людзей, якія прыйшлі да ўлады падчас дзяржаўнага перавароту). 24 сакавіка 1996-га пісьменнік узначаліў шэсце па праспекце Скарыны (цяпер — Незалежнасці) — гэта стала пачаткам маштабных масавых пратэстаў супраць палітыкі Лукашэнкі, якія ўвайшлі ў гісторыю як «мінская вясна».
Помста Лукашэнкі надышла практычна адразу пасля прыходу апошняга да ўлады: народнага пісьменніка Беларусі перасталі друкаваць у дзяржвыданнях, а прыватных, якія б выдавалі беларускамоўных аўтараў, тады амаль не было. У выніку кніга «Сьцяна», набраная і вычытаная аўтарам у карэктуры, праляжала ў дзяржаўным выдавецтве тры гады, пакуль Быкаў сам не забраў адтуль рукапіс, страціўшы надзею апублікавацца.
Пісьменніка цкавала дзяржпрэса — цяпер ужо не савецкая, а беларуская. У 1997-м у газеце беларускіх камуністаў «Мы и время» з’явіўся артыкул «Обыкновенный иуда», прысвечаны Быкаву. У перапісцы з сябрамі пісьменнік адзначаў, што яго лісты не даходзяць да адрасатаў, а размовы праслухоўваюцца. Пенсія класіка складала 13 даляраў, яго жонкі — яшчэ менш. «Канешне, ёсць пенсія, не галадаем. З апраткі даношваем старое, добра, што запас быў», — пісаў ён сястры.
Гэтыя абставіны і праблемы са здароўем змусілі пісьменніка ў выніку з’ехаць за мяжу, каб мець магчымасць спакойна жыць і працаваць. Увесну 1998 года Фінскі ПЭН-цэнтр запрасіў Быкава ў Хельсінкі. Улады раптоўна паспрабавалі пераканаць класіка застацца. Віцэ-спікер Палаты прадстаўнікоў Уладзімір Канаплёў, сябар Лукашэнкі, абмяркоўваў гэтае пытанне з кіраўніком Саюза пісьменнікаў Уладзімірам Някляевым. Улады былі гатовыя забяспечыць Быкаву ўсе ўмовы для працы — для гэтага патрабавалася «ўсяго толькі» сустрэцца з Лукашэнкам.
Быкаў адмовіўся і ў чэрвені з’ехаў у сталіцу Фінляндыі, дзе яму на паўтара года далі аднапакаёвую кватэру. Пасля гэтага ён таксама жыў у Германіі і Чэхіі (у апошняй краіне перанёс аперацыю) і вярнуўся на радзіму толькі незадоўга да смерці.
Усенароднае пахаванне — і цкаванне ад Азаронка з Бондаравай
Васіль Быкаў памёр 22 чэрвеня 2003 года ў рэанімацыйным аддзяленні анкалагічнага шпіталя ў Бараўлянах. Сімвалічна, што гэта адбылося ў дзень нападу нацыстаў на Савецкі Саюз. Пісьменнік амаль усю вайну быў на перадавой і расказаў пра яе ледзь не лепш за ўсіх у беларускай літаратуры.
Развітанне з Быкавым, якое прайшло 25 чэрвеня, стала сапраўды ўсенародным — такога Мінск не ведаў з часоў гібелі лідара БССР Пятра Машэрава (у 1980-м). Труну з целам Васіля Уладзіміравіча паставілі ў Доме літаратара, што на вуліцы Фрунзэ. Цырымонія доўжылася пяць гадзін (яе працягнулі на гадзіну адносна першапачатковага часу), але развітацца з класікам паспелі ўсё адно не ўсе. Велізарная чарга людзей, якія прыйшлі аддаць Быкаву даніну памяці, расцягнулася да плошчы Перамогі і далей уздоўж вуліцы Захарава. Труну, якая літаральна патанала ў кветках, накрылі нацыянальным бел-чырвона-белым сцягам.
Апошняе стала нагодай для скандалу. Лукашэнка, які даслаў толькі спачуванні, на пахаванне прадказальна не прыехаў. Замест яго ў Доме літаратара быў тагачасны міністр культуры Леанід Гуляка, які і прапанаваў выкарыстоўваць замест нацыянальнага сцяга дзяржаўны чырвона-зялёны. Родныя Быкава адмовіліся. «У такіх абставінах я вымушаны пакінуць залу і зняць з сябе адказнасць за арганізацыю пахавання», — заявіў Гуляка. Ён дадаў, што пахаванне ператвараецца ў палітычную акцыю. Услед за чыноўнікам залу пакінулі салдаты роты ганаровай варты.
Труну з целам Быкава неслі на руках ад Дома літаратара па праспекце Скарыны да Усходніх могілак. За ім з бел-чырвона-белымі сцягамі ішло каля 10 тысяч чалавек. На могілках адбылося адпяванне на беларускай мове паводле ўніяцкага абраду. Пасля гэтага пачаліся выступы сяброў і блізкіх нябожчыка.
Расійскі публіцыст Юрый Чарнічэнка заявіў, што «даўно не бачыў такой дэманстрацыі волі і адданасці, якая была прадэманстраваная сёння на вуліцах Мінска», і пажадаў беларусам хутчэй «пачаць дыхаць тым паветрам свабоды, пра якое марыў Васіль Быкаў». Першы кіраўнік незалежнай Беларусі Станіслаў Шушкевіч адзначыў, што «апошняя заслуга Васіля Быкава ўжо пасля яго смерці — гэта тое, што ён даў беларусам магчымасць прайсціся пад бел-чырвона-белымі сцягамі цэнтральным праспектам Мінска» — у папярэднія гады такія шэсці заўсёды забараняліся ўладамі.
Разганяць жалобнае шэсце ўлады тады не наважыліся. Але затое адыграліся на Быкаву ў наступныя гады. Грамадскасць і нават кіраўнік праўладнага Саюза пісьменнікаў Беларусі Мікалай Чаргінец неаднаразова звярталіся ў розныя інстанцыі (у тым ліку асабіста да Лукашэнкі), прапаноўваючы перайменаваць адну з мінскіх вуліц або надаць новай магістралі імя Васіля Быкава, а таксама паставіць пісьменніку помнік. На практыцы толькі ў верасні 2020-га на доме, дзе жыў класік, з’явілася мемарыяльная дошка. З часу яго смерці да таго моманту прайшло 17 гадоў. Вуліцы імя Быкава ў сталіцы няма дагэтуль.
Аналагічная сітуацыя ў Гродне, дзе жыў і працаваў беларускі класік. Сёлета мясцовыя жыхары папрасілі ўлады паставіць яму помнік. Аднак намесніца старшыні Гродзенскага гарвыканкама Зоя Кулеша адказала, што ўсталяванне такіх помнікаў не ўваходзіць у кампетэнцыю гарадскіх уладаў. Паводле яе, помнікі ў абласных цэнтрах ставяцца толькі пасля рашэння аблвыканкамаў. Прычым праект трэба абавязкова ўзгадніць з Мінкультам і атрымаць ад яго станоўчае заключэнне, таксама яго мусіць узгадніць Лукашэнка. Але ніхто з чыноўнікаў ініцыятывы не выказаў, таму помніка Быкаву няма і ў Гродне.
Яшчэ адна ганебная сітуацыя таксама адбылася ў 2024-м: 25 студзеня ў Дзяржаўным музеі гісторыі беларускай літаратуры адкрылася экспазіцыя да стагоддзя з дня нараджэння Быкава — але яе без тлумачэння прычын датэрмінова закрылі ўжо праз дзесяць дзён працы.
Цкаваннем даўно памерлага класіка беларускай літаратуры займаюцца дзяржаўныя прапагандысты. Напрыклад, супрацоўнік СТБ Рыгор Азаронак назваў Быкава «предателем»: «Уже престарелому Герою социалистического труда посулили Нобелевскую премию. Его окружили „новые интеллигенты“ (вчера воспевавшие комсомольские стройки). И, что называется, сц**и в уши. Так и стал он из Рыбака сначала Сотниковым. Но встать под БЧБ-флаг…Под флаг предателей. Под флаг тех, против кого ты воевал. Стать человеком с черной душой. Тут он упал до Портнова (усе трое — героі аповесці „Сотнікаў“. — Заўв. рэд.). Быков воевал с Лукашенко. Как Портнов против Рыбака. Василий стал героем своей повести. Предателем. <…> Президент не раз протягивал руку. Но глубокого старика окружило шакалье и просто не пропускало к нему информацию. А только пело в уши про Нобелевскую премию».
Насамрэч Нобелеўскай прэміі Быкаву, натуральна, ніхто не абяцаў, а ад зносін з Лукашэнкам ён адмовіўся сам. Бел-чырвона-белы сцяг — не сцяг здраднікаў і быў дзяржаўным у 1991−1995 гадах.
Азаронка падтрымала гродзенская праўладная актывістка і былая кантрабандыстка Вольга Бондарава.
Яна заявіла, што «Быков последовательно и сознательно, полностью отдавая отчет своим действиям, разжигал межнациональную вражду, настраивая беларусов против русских. Создание Союзного государства Беларуси и России В. Быков назвал „аннексией“. <…> Соответственно, переезд с проживанием нациста-предателя также финансово и политически обеспечили западные спецслужбы». Яна таксама запатрабавала выключыць творы класіка са школьнай праграмы.
Ні Азаронка, ні Бондараву ніхто не стрымаў. Бо прыклад ім дае сам Лукашэнка. Напрыклад, у 2022 годзе ён беспадстаўна заявіў, што родныя Быкава прадалі ягоныя ўзнагароды за 30 даляраў. Паводле адной з версій, насамрэч узнагароды скралі аферысты. Паводле іншай, да выкрадання ўзнагародаў маглі прыкласці руку беларускія спецслужбы, каб Лукашэнка потым змог выкарыстаць іх у сваіх інтарэсах.
Усё гэта дэманструе, што сучасная ўлада па-ранейшаму выкарыстоўвае савецкія практыкі, а цкаванне класіка працягваецца нават пасля яго смерці. Такія наступствы — вынік таго, што Быкаў ні ў маладосці, ні ў сталым узросце не адмовіўся ад сваіх поглядаў дзеля палітычнай кан’юнктуры, не спрабаваў абслугоўваць уладу і яе прадстаўнікоў насуперак таму, што насамрэч думаў.
Чытайце таксама


