У 2010 годзе недакладнасць у паказе дзяржаўных межаў на Google Maps стала нагодай для ваеннага ўварвання. Скарыстаўшыся памылкай папулярнага сэрвісу, улады Нікарагуа сабраліся вырашыць старую тэрытарыяльную спрэчку з Коста-Рыкай. Упэўненасці агрэсару надало тое, што ў суседняй краіны нават не было ўласнай арміі. Як праходзіла гэтае ўварванне і чаму скончылася правалам? Расказваем.
Пра што спрачаліся Коста-Рыка і Нікарагуа
Тэрытарыяльная спрэчка паміж цэнтральнаамерыканскімі суседзямі цягнулася з XIX стагоддзя. У 1821 годзе былыя іспанскія ўладанні ў рэгіёне адкалоліся ад Мексіканскай імперыі і сталі незалежнымі. Яны аб’ядналіся ў Федэратыўную Рэспубліку Цэнтральнай Амерыкі, якая складалася з шасці штатаў — Гватэмалы, Сальвадора, Лос-Альтаса, Гандураса, Нікарагуа і Коста-Рыкі. Штат Нікарагуа быў прыкметна большы за сучасную дзяржаву з той самай назвай і ўключаў частку цяперашніх тэрыторый Гандураса і Коста-Рыкі.
У 1824 годзе праз унутраныя міжусобіцы ў Нікарагуа і рост уплыву кастарыканскіх кававых плантатараў памежныя гарады Нікая і Санта-Крус прагаласавалі за далучэнне да штата Коста-Рыка. Праз два гады да іх далучыліся жыхары горада Гуанакастэ (цяпер ён называецца Ліберыя). Гаворка ішла пра карэктаванне адміністрацыйных межаў суб’ектаў адной і той жа дзяржавы, і нейкіх сур’ёзных праблем гэта не выклікала. Але калі на мяжы 1830−1840-х гадоў федэрацыя распалася, ранейшыя змены вельмі ўскладнілі акрэсліванне дакладнай мяжы паміж незалежнымі цяпер Нікарагуа і Коста-Рыкай.
Амаль 20 гадоў краіны спрабавалі прыйсці да згоды. Яны склалі не менш за сем дамоваў для вырашэння памежных спрэчак, але ні адну з іх не ратыфікавалі абодва бакі. Прынцыповасці суседзям дадалі планы будаўніцтва канала паміж Ціхім і Атлантычным акіянамі. Паводле аднаго з праектаў частка гэтай найважнейшай транспартнай артэрыі мусіла прайсці па памежнай рацэ Сан-Хуан, кантроль над якой у такім выпадку даў бы краіне-ўладальніцы велізарныя перавагі.
Толькі ў 1858 годзе Нікарагуа і Коста-Рыка нарэшце дамовіліся пра канфігурацыю памежнай лініі. Гэтая дамова была пацверджаная і ўдакладненая пры пасярэдніцтве прэзідэнта ЗША Гровера Кліўленда ў 1888 годзе. У фінальнай версіі мяжы ў раёне, прылеглым да атлантычнага ўзбярэжжа, яна ішла правым, паўднёвым, берагам галоўнага рэчышча ракі Сан-Хуан. То-бок усё гэтае рэчышча стала тэрыторыяй Нікарагуа — але Коста-Рыка атрымала права суднаходства па рацэ з камерцыйнымі мэтамі. Асобна агаворвалася, што Нікарагуа таксама валодае невялікім ланцужком пясчаных бар’ерных астраўкоў Пунта-Касцілья ля вусця галоўнага рэчышча Сан-Хуана. І ўсёй невялікай лагунай Лос-Парцільяс, у якую гэтая рака ўпадала.
Здавалася б, памежная спрэчка паспяхова вырашаная раз і назаўжды. Але з часам у яе ўмяшалася сама рака Сан-Хуан. У ніжнім цячэнні яе галоўнае рэчышча зрушылася на захад і цяпер знаходзіцца ужо за 3,5 км ад той самай лагуны Лос-Парцільяс, у якую рака ўпадала раней.
Анекдатычны casus belli
Спачатку бязлюдны забалочаны ўчастак плошчай каля квадратнага кіламетра не забіраў асаблівай увагі ўладаў абедзвюх краін. Памежныя спрэчкі часам абвастраліся, але вырашаліся дыпламатычным шляхам. Так, у 1998 годзе Нікарагуа забараніла перавозіць кастарыканскіх паліцэйскіх ракой Сан-Хуан і ўвяла ў аднабаковым парадку збор у памеры 25 даляраў ЗША для турыстаў з гэтай краіны, якія ёю сплаўляліся. Коста-Рыка звярнулася ў Міжнародны суд ААН, які вырашыў, што яе паліцэйскім суднам на рацэ сапраўды рабіць няма чаго, а вось турысты могуць плаваць свабодна.
Але ў 2007 годзе прэзідэнтам Нікарагуа зноў стаў Хасэ Артэга — былы лідар хунты, ён ужо займаў гэтую пасаду ў 1985−1990-м, але потым доўга не мог выйграць выбары. Атрымаўшы ўладу, палітык, нібы на прыклад Беларусі, у 2009-м дабіўся скасавання канстытуцыйных абмежаванняў на магчымасць абірацца прэзідэнтам больш за два разы запар, а ў 2014-м — і на агульнае абмежаванне колькасці тэрмінаў для аднаго чалавека. У выніку Артэга кіруе дагэтуль. Ён хутка ператварыўся ў паўнавартаснага дыктатара: з яго жонкай, якая стала віцэ-прэзідэнтам, яны кантралююць практычна ўсе органы дзяржаўнага кіравання, уключаючы парламент, судовую сістэму, пракуратуру і паліцыю. Іх сыны і дочкі кіруюць рознымі галінамі эканомікі краіны — ад гандлю палівам да тэлебачання. У апошнія гады рэжым Артэгі «праславіўся» падтрымкай расійскага ўварвання ва Украіну.
Але вернемся ў 2000-я. Прыйшоўшы да ўлады, Артэга абвінаваціў Коста-Рыку ў захопе тэрыторый, бо рака Сан-Хуан адышла на захад і «забрала» мяжу з сабой, нібы адшчыкнуўшы для Коста-Рыкі трохі нікарагуанскай зямлі. У 2010 годзе Артэга вырашыў вярнуць усё на свае месцы і адправіў земснарад (судна для паглыблення водных шляхоў) капаць канал па траекторыі старога рэчышча ракі. Магчыма, гэта адбылося з ухвалы «калегаў» палітыка — іншых лацінаамерыканскіх дыктатараў з блока АЛБА (Баліварыянскага альянсу для народаў Амерыкі). Прынамсі, вядома, што 1,1 млн даляраў на куплю земснарада Артэгу далі ўлады Венесуэлы, а на борце судна красавалася эмблема альянсу АЛБА.
Земснарад бесцырымонна ўклініўся ў тэрыторыю, якую Коста-Рыка гадамі лічыла сваёй, і пачаў капаць канал да лагуны Лос-Парцільяс. А невялікая група нікарагуанскіх вайскоўцаў пераправілася праз раку на спрэчную тэрыторыю, зняла з усталяванага там флагштока сцяг суседзяў і падняла замест яго сцяг Нікарагуа.
Уварванне ніяк не назавеш маштабным, але Коста-Рыцы асабліва не было чым адказаць нават на такое. Гэтая дзяржава ліквідавала армію яшчэ ў 1949 годзе, што дазволіла ёй пазбегнуць чарады традыцыйных для Паўднёвай Амерыкі вайсковых пераваротаў. Не маючы магчымасці адправіць у «зону канфлікту» салдат, улады краіны паслалі туды журналістаў.
11 сакавіка 2010 года кастарыканская газета La Nación апублікавала інтэрв'ю з Эдэнам Пасторай (былым лідарам нікарагуанскіх партызан часоў кіравання дыктатара Анастасіа Самосы), якога Артэга прызначыў камандаваць аднаўленнем «правільнай» мяжы. З тэксту здзіўленыя кастарыканцы і астатні свет даведаліся, якую менавіта падставу нікарагуанскія ўлады палічылі дастатковай для абвастрэння канфлікту. Даказваючы, што ўсе працы земснарада вядуцца на тэрыторыі Нікарагуа, Пастора заявіў:
— Паглядзіце спадарожнікавыя фота Google, і там вы ўбачыце мяжу.
Выканаўчы чыноўнік адмаўляў, што гэта ён здымаў сцяг Коста-Рыкі на спрэчным участку. Але падкрэсліў, што гатовы адказаць за ўсе свае дзеянні «перад Арганізацыяй амерыканскіх дзяржаваў, перад Гаагай, перад любой арганізацыяй»:
— Гэта асаблівае заданне ад Прэзідэнта. Ён сказаў мне: «Ідзі, гэта загад, ачысьці раку Сан-Хуан».
Пры чым тут «спадарожнікавыя фота Google»? У тыя дні карты Google Maps памылкова паказвалі раён, які на папяровых картах абедзвюх краін даўно абазначаўся кастарыканскім, як тэрыторыю Нікарагуа. Цікава, што ў аналагічным сэрвісе Bing мяжа паміж дзвюма краінамі паказвалася ў адпаведнасці з дамовамі паміж краінамі пра дзяржмяжу, то-бок па галоўным рэчышчы Сан-Хуана.

Пазней Пастора настойваў, што не спасылаўся на карты Google Maps у гэтым інтэрв'ю. Аднак калі прадстаўнікі Google прызналі, што іх карта недакладная, і заявілі, што памылка будзе выпраўленая, міністр замежных справаў Нікарагуа Самуэль Сантас афіцыйна папрасіў кампанію гэтага не рабіць.
На фоне ўсіх гэтых падзей на нікарагуанскім тэлебачанні ўжо загаварылі пра мабілізацыю для «абароны суверэнітэту». А вось Коста-Рыка, якая не мела арміі, паставілася да дзеянняў суседзяў стрымана. Толькі ў кастрычніку 2010 года ўрад гэтай краіны выказаў пратэст праз тое, што пракладванне канала па яе тэрыторыі нанесла шкоду водна-балотным угоддзям тамтэйшага запаведніка. Улады Нікарагуа адхілілі ўсе абвінавачанні. А Артэга наогул заявіў, што гэта Коста-Рыка — «экспансіянісцкая краінай, якая гістарычна спрабавала забраць у нас тое, што ёй не належыць».
12 лістапада сэрвіс Google Maps абвясціў, што выправіў памылкі ў паказе мяжы паміж краінамі. На гэты час у зоне канфлікту ўжо знаходзілася 50 нікарагуанскіх вайскоўцаў і 70 кастарыканскіх паліцэйскіх.
Чым усё скончылася
Вырашыць канфлікт мірным шляхам паспрабавала Арганізацыя амерыканскіх дзяржаваў. Яе генеральны сакратар, чыліец Хасэ Мігель Інсульса, заклікаў абодва бакі вывесці са спрэчнай тэрыторыі ўсіх сілавікоў, каб спыніць эскалацыю канфлікту, і сесці за стол перамоваў. Коста-Рыка згадзілася на гэтую прапанову, але Артэга адклікаць свае войскі адмовіўся. Нікарагуанскі дыктатар не пагадзіўся на пасярэдніцтва ААД і настойваў, што лёс спрэчнай тэрыторыі мусіць вырашыць Міжнародны суд ААН.
Ідучы насустрач гэтым пажаданням, Коста-Рыка 19 лістапада падала пазоў супраць Нікарагуа ў Міжнародны суд. У сакавіку 2011 года гэтая інстанцыя прыняла часовае рашэнне, што на перыяд разгляду справы ўрадам абедзвюх краін забаронена адпраўляць на спрэчную тэрыторыю любых сілавікоў і цывільных асобаў. Выключэнне было толькі для супрацоўнікаў кастарыканскіх арганізацый, якія займаюцца аховай навакольнага асяроддзя.
На вынясенне канчатковага вердыкту спатрэбілася яшчэ амаль пяць гадоў. У снежні 2015 года Міжнародны суд ААН вырашыў, што спрэчная тэрыторыя на ўсход ад цяперашняга галоўнага рэчышча Сан-Хуана належыць Коста-Рыцы. Таксама суд пастанавіў, што Нікарагуа, капаючы канал і адправіўшы за раку войскі, парушыла тэрытарыяльны суверэнітэт суседзяў і абавязаная заплаціць кампенсацыю шкоды, аб’ём якой яшчэ трэба было акрэсліць. Пазней Коста-Рыка ацаніла шкоду на 6,7 млн даляраў ЗША. Але ў 2018 годзе суд зменшыў памер гэтых прэтэнзій да 378 тысяч даляраў з лішкам (яшчэ 20 тысяч даляраў з Нікарагуа спагналі на судовыя выдаткі).
Тады ж Міжнародны суд ААН вынес фінальнае ўдакладняльнае рашэнне што да памежнай спрэчкі паміж Коста-Рыкай і Нікарагуа. Ён аддаў Коста-Рыцы амаль увесь доўгі пляж паміж сучасным вусцем ракі Сан-Хуан і лагунай Лос-Парцільяс, на які далей прэтэндаваць Нікарагуа. Цяпер апошняй краіне належыць толькі водная паверхня лагуны і пясчаны перашыек, які аддзяляе яе ад Карыбскага мора і ў які ператварылася былая града астраўкоў Пунта-Касцілья. Нагадаем, што акурат два гэтыя геаграфічныя аб’екты прызнаваліся нікарагуанскімі яшчэ ў дамовах пра мяжу, падпісаных у XIX стагоддзі. Цяпер гэта паўанклаў — тэрыторыя, ніяк не звязаная з асноўнай часткай Нікарагуа па сушы.


Чаму насамрэч здарылася «вайна праз Google Maps»?
Рашэнне Міжнароднага суда пацвердзіць палажэнні міжнародных дамоваў паміж дзвюма краінамі выглядае прадказальным. А спроба іх перагляду з дапамогай вайсковай сілы відавочна не дадала балаў Нікарагуа ў вачах суддзяў. Дык навошта Даніэль Артэга наважыўся на гэтую асуджаную на правал авантуру?
Магчыма, рэч у самой сутнасці дыктатарскіх рэжымаў. Пагрозу, якую яны нясуць сусветнай супольнасці, часта недаацэньваюць. Калі дыктатар кіруе буйной краінай з моцнай арміяй, то пагроза ясная: такія нярэдка пачынаюць захопніцкія войны, атакуючы слабейшых суседзяў. Але калі краіна невялікая — як Беларусь, напрыклад, — яна дзесяцігоддзямі можа не прыносіць асаблівых праблем навакольным і, адпаведна, не выклікаць боязі. Аднак нават такія «кампактныя» дыктатуры рана ці позна могуць аказацца небяспечнымі для суседзяў. Суўдзел рэжыму Лукашэнкі ў ваеннай агрэсіі супраць Украіны — прыклад гэтага.
Абвастраючы памежную спрэчку, Артэга, відаць, папросту імкнуўся набраць палітычных балаў перад прэзідэнцкімі выбарамі 2011 года ў сваёй краіне. Дыктатарам уласціва падмяняць дзяржаўныя інтарэсы асабістымі і ладзіць «маленькія пераможныя войны» для адводу ўвагі ад назапашаных унутраных праблем, выкарыстоўваючы вобраз «збіральніка земляў» для падмацавання свайго рэйтынгу.
Нагадаем, зусім нядаўна, у лістападзе 2023 года, аналагічна перад чарговымі выбарамі ў Венесуэле паводзіўся Нікалас Мадура, які арганізаваў рэферэндум па далучэнні часткі тэрыторыі суседняй Гаяны і агрэсіўна выказваўся ў яе адрас. У абодвух выпадках адразу пасля выбараў цікавасць да «збірання земляў» у лацінаамерыканскіх аўтакратаў прадказальна згасла.
Чытайце таксама


