Уладальнікі сеткі «Остров чистоты и вкуса», відаць, ліквідуюць усе звязаныя з ёю кампаніі. Згортваюць сваю дзейнасць як ІП таксама заснавальнікі гэтага рытэйла. Пры гэтым перад адной з кампаній-«сясцёр» «Острова чистоты и вкуса» маячыць суд, звязаны з пытаннямі банкруцтва.
Якая сітуацыя з «Востравам» і яго «сястрой»
Сетка «Остров чистоты и вкуса» кіруецца кампаніямі, якія ўваходзяць у групу «Ромакс». «ЗахадХімГандаль» — асноўная фірма, якая «руліць» гэтым рытэйлерам, — ліквідуецца. Разам з ёю гэты лёс напаткаў і іншыя кампаніі, якія ўваходзяць пад крыло «Ромакс» — «Вытворчую кампанію Ромакс», «ЗахадХімСэрвіс», «ЗахадХімІнвест», «Гандлёвую кампанію Ромакс».
З агульнавядомых кампаній групы застаецца «Фабрыка Ромакс», асноўная дзейнасць якой — вытворчасць мыла і мыйных, ачышчальных і паліравальных сродкаў. Але будучыня і гэтай фірмы, відаць, таксама пад пытаннем. Так, на 4 ліпеня ў Эканамічным судзе Гродзенскай вобласці прызначанае паседжанне па справе пра банкруцтва гэтай кампаніі, вынікае са звестак рэсурсу legat.by.
Гэта можа быць звязана як з фінансавымі цяжкасцямі самой юрыдычнай асобы, так і быць часткай больш шырокіх працэсаў. Да прыкладу, не выключана, што кампанія выступала паручальніцай па крэдытах іншых фірмаў з групы «Ромакс». У гэтым выпадку крэдыторы маглі захвалявацца ў сувязі з іх ліквідацыяй. Варта адзначыць, што суддзя можа як пастанавіць пачаць працэдуру банкруцтва, так і адмовіць пазоўніку, то-бок банку, які звярнуўся ў суд.
Напрыклад, летась «Вытворчая кампанія Ромакс» дапусціла дэфолты па аблігацыях. Выплаты інвестарам перанеслі на 2024 год.
Тым не менш у самога прадпрыемства «Фабрыка Ромакс» таксама ёсць вялікія даўгі. У чэрвені «Белзнешэканомбанк» пайшоў у суд з прычыны пазык кампаніі на суму больш за 1,2 млн рублёў. У траўні тое ж самае зрабіў Банк развіцця, у гэтым выпадку сума была вышэйшая — больш за 8,6 млн рублёў.
Згортваюць сваю дзейнасць як ІП таксама суўладальнікі групы кампаній — муж і жонка Віктар і Аксана Рамукі. Аднак у гэтым выпадку закрыццё прадпрымальніцтва можа быць звязанае з узмацненнем жорсткасці ўмоваў для ІП: чыноўнікі змушаюць прадпрымальнікаў пераходзіць у юрыдычныя асобы.
Між тым, як відаць з гандлёвага рэестра, за «ЗахадХімГандлем» лічыцца яшчэ 311 рознічных крамаў. Прычым тры з іх зарэгістравалі сёлета.
Карціна складваецца такая, нібыта група кампаній канчаткова згортвае сваю дзейнасць. Аднак гэта неабавязкова так. Ёсць імавернасць, што замест некалькіх юрыдычных асобаў, якія цяпер ліквідуюць, з’явіцца адна — і праз яе сям’я бізнесоўцаў працягне кіраваць папулярнай дрогеры-сеткай. Ва ўсякім выпадку ў пачатку 2024 года, калі заснавальнік бізнесу Віктар Рамук расказваў пра фінансавыя цяжкасці, ён падкрэсліў, што сетка дыскаўнтараў «Остров чистоты и вкуса» не плануе закрывацца канчаткова.
З чаго пачаліся праблемы ў «Вострава»
Нагадаем, у другой палове 2023 года з’явілася інфармацыя пра праблемы ў сеткі «Востраў чысціні». Паведамлялася, што ў крамах скараціўся асартымент, а некаторыя гандлёвыя аб’екты закрыліся. На гэтым фоне была прыпыненая праца інтэрнэт-крамы (адноўленая ў пачатку студзеня, але не ў поўным аб’ёме). У канцы мінулага года ў крамах гэтай гандлёвай сеткі пачаў аднаўляцца асартымент.
Фінансавае становішча кампаній сям'і вядомага бізнесоўца Віктара Рамука пахіснулася пасля пільнай цікавасці з боку сілавікоў. Самога бізнесоўца затрымлівалі ў 2022 годзе і, паводле інфармацыі выдання «Наша Ніва», выпусцілі з СІЗА пасля таго, як ён пагадзіўся выплаціць налічаныя штрафы на суму 7 млн даляраў.
Канкурэнт карыстаецца момантам для пашырэння
У гэты час актыўна пашыраецца канкурэнт «Вострава» — сетка «Міла», якая належыць кампаніі «Парфюм Трэйд». Сёлета ў яе былі зарэгістраваныя 15 новых рознічных крамаў. Прычым пяць з іх — 30 траўня. Усяго ж сетка аб’ядноўвае 576 гандлёвых пунктаў.
У новыя крамы актыўна шукаюць работнікаў. Напрыклад, прадаўцам гатовыя плаціць ад 1200 рублёў.
Чытайце таксама


