У асабістым мабільным тэлефоне Аляксандра Лукашэнкі стаіць распрацоўка КДБ супраць праслухоўкі, а размаўляць з ім па закрытай сувязі можа каля 70 чалавек. Пра гэта палітык расказаў 27 верасня на сустрэчы са студэнтамі ў БДУІР і адразу паказаў гаджэт у дзеянні, паведамляе яго прэс-служба.
Каментуючы планы наконт вытворчасці ў Беларусі айчыннага мабільнага тэлефона, Лукашэнка паказаў студэнтам той мабільнік, якім карыстаецца сам. І адразу патэлефанаваў сваёй прэс-сакратацы Наталлі Эйсмант, каб прадэманстраваць працу прылады.
Паводле палітыка, у гэтым тэлефоне выкарыстоўваецца распрацоўка КДБ, якая не дазваляе праслухаць размову: гаворка кадуецца, а ў эфіры падчас спробы перахопу размовы чутныя гукі, падобныя да булькатання. Дэшыфруецца ж размова толькі пасля атрыманні сігналу на іншым такім самым апараце.
Праз гэтыя асаблівасці прылада даволі масіўная, але ідзе праца над тым, каб зрабіць яе кампактнейшай. Лукашэнка растлумачыў, што тэлефон не знаходзіцца непасрэдна пры ім, а захоўваецца ў ад’ютанта.
Размаўляць па закрытай сувязі з палітыкам можа каля 70 чалавек — хто менавіта, акрамя Эйсмант, ён не ўдакладніў. Трапіць у гэты пералік можна толькі з асабістай санкцыі Лукашэнкі.
Паводле яго, беларускую распрацоўку ўжо набылі некаторыя краіны. Якія — зноў жа, невядома.
На той самай сустрэчы са студэнтамі Лукашэнка паведаміў, што ў Беларусі збіраюцца стварыць айчынны мабільны тэлефон са сваім праграмным забяспечаннем.
Нагадаем, раней Лукашэнка запэўніваў, што мабільным тэлефонам не карыстаецца і наогул гэтага гаджэта ў яго «няма і ніколі не было з многіх прычын».
«Па-першае, мне гэта не трэба. Для таго каб перагаварыць (я вельмі рэдка праз мабільны тэлефон размаўляю), у мяне ёсць Служба бяспекі. У яе і ўрадавая сувязь, і тэлефоны ўсё. Трэба — яны мне дакладуць, я перагавару. Дома ў мяне сядзяць тыкаюць у гэтыя тэлефоны. „Ну што там, — кажу, — пішуць гэтыя, тыя?“ Хуценька мне пачытаюць і гэтак далей. І другое — бяспека. Таму я тэлефонам не карыстаюся, і мяне не цягне — бо ёсць каму», — заявіў палітык у верасні 2024 года.
Чытайце таксама