Падтрымаць каманду Люстэрка
Беларусы на вайне
  1. Сложно поверить, но папа Франциск собирался участвовать в крещении детей беларусского бизнесмена — однако умер за день до. Рассказываем
  2. «Заяву на памілаванне я не пісаў». Вялікае інтэрв'ю «Люстэрка» з Юрыем Зянковічам, якому далі 11 гадоў за «дзяржаўны пераварот»
  3. «За чей счет?» Родители честно ответили на новый запрет для школьников
  4. На рынку нерухомасці ў Мінску ўзнік дэфіцыт пэўнага жылля, праз што рэкордна падскочылі цэны. Эксперты растлумачылі, што адбываецца
  5. Конклав кардиналов в Ватикане выбрал папу римского. Стало известно его имя
  6. Эксперты рассказали, почему Россия против соглашения о прекращении огня и присутствия миротворцев в Украине
  7. «Лукашэнка ўжо не ў найлепшай форме». Спыталі экспертаў, чаму ўлады перанеслі парад у гонар 80-годдзя Перамогі
  8. Из Лондона Мельникова вылетела на Шри-Ланку, где могла угодить в «ловушку спецслужб» и оказаться в Беларуси — польское СМИ
  9. Лукашэнка заявіў, што «крыху затрымаўся» ва ўладзе, і заклікаў «пацярпець»
  10. Лукашэнка памілаваў 42 асуджаных па «палітычных» артыкулах
  11. Падаткавікі нагадалі пра збор, пра існаванне якога вы маглі нават не здагадвацца. Але пагражае важкі штраф, калі яго не аплаціць
  12. После 2020-го на заводах по требованию Лукашенко увольняли из-за «политики» — из закрытых документов стало понятно, чем это обернулось
  13. Ратавальнікі знайшлі чалавека на дне акіяна. Пасля катастрофы ён прабыў там амаль трое сутак — расказваем пра гэтую гісторыю
  14. Лукашэнка выказаўся на балючую апошнім часам для беларусаў тэму і прапанаваў яшчэ месяц пацярпець: «Гэта такая хітрая задума»
Читать по-русски


Аўгіння Манцэвіч, рэдактарка і аўтарка сайта Downshifter.by ужо 10 гадоў жыве ў вёсцы разам з мужам і сынам. За гэты час жыццё цалкам змянілася. І хоць шмат чаго запланаванага зрабіць так і не атрымалася, дасягнута тое, пра што раней і не задумваліся. Пра дзесяць гадоў дауншыфтынгу Аўгіння расказвае на сваім сайце.

Аўгіння Манцэвіч. Фота: downshifter.by
Аўгіння Манцэвіч. Фота: downshifter.by

— «Жыць у горадзе больш не модна», — 10 гадоў таму на ўсім вядомым сайце смела напісаў сталічны журналіст Рома Носаў пра некалькіх дзівакоў, якія пераехалі з горада ў вёску. Сярод тых дзівакоў былі і новаспечаныя даўншыфтары — мы з Вераснем (муж Аўгінні. — Заўв. CityDog.io).

Хто б мог падумаць, але той артыкул, датаваны ліпенем 2012 года, выклікаў шквал незадаволеных каментарыяў і злобных заўваг. І не дзіва! Жыць у горадзе было модна! Больш за тое, многія толькі-толькі туды пераехалі, а тут нейкі Рома Носаў заяўляе, што ў горадзе жыць не модна! Бач ты!

Гэта ў вёсцы жыць было не модна. Але Рома Носаў як у ваду глядзеў. Дзесяць гадоў прайшло пасля публікацыі гэтага артыкула, а трэнд вясковага даўншыфтынгу ў Беларусі не тое што не згас, а нават набірае абароты.

Разам з гэтым не толькі пустых хат у вёсках становіцца менш, але і агульны наратыў у інтэрнэт-прасторы змяніўся. Калі пад згаданым артыкулам можна было сустрэць каментарыі ў асноўным такога кшталту: «гэта да першай зімы», «у іх проста дзяцей няма», «вось здарыцца нешта, а „хуткая“ колькі ехаць будзе?», то цяпер пад аналагічнымі артыкуламі людзі пераважна захапляюцца героямі і жадаюць ім поспехаў і удачы.

Вядома, і цяпер знаходзяцца зайздроснікі і незычліўцы, якія заўсёды знойдуць да чаго прычапіцца: то называюць даўншыфтараў лайдакамі (маўляў, на заводзе не захацелі працаваць, дык ідзіце ў калгас), то сектантамі (а што гэта яны Каляды з Купаллем па сонцы святкуюць?), то проста дзівакамі (што з іх возьмеш, толькі хіба артыкул пра іх прачытаць).

Але тым не менш падчас размоў са знаёмымі адкрываюцца новыя звесткі: выяўляецца, і ў таго ёсць хутар, і ў гэтага. І сёння хутчэй тыя, хто не мае сваёй хаты ў вёсцы ці на хутары, выглядаюць прынамсі недальнабачнымі.

А як жа свая зямелька, калодзеж, паграбочак, закатачкі, лес той жа? Ну праўда, пераваг вясковага жыцця ў сучасным свеце літаральна за апошнія пару гадоў раптам рэзка паболела

Будзе дзе і з чым перажыць любы лакдаўн і нават ядзерную зіму. А адсутнасць паблізу важных аб’ектаў інфраструктуры цяпер разглядаецца як перавага. У выпадку вайны нікому не будзе справы да нашага богам забытага кутка.

Я гэта адчула ў 2020-м, калі пачалася пандэмія каронавіруса. Пакуль у гарадах людзі вар’яцелі, носячы маскі і дэзінфікуючы рукі кожныя пяць хвілін, я дзякавала сусвету, што ў Лохаўшчыне засталося жыць толькі пяць чалавек. І адлегласць паміж намі вымяраецца сотнямі метраў. І што рукі мыць мне даводзіцца толькі ад зямлі, у якой калупалася, саджаючы будучы правіянт.

Дарэчы, за ўсе гэтыя 10 гадоў градкі ў мяне былі мінімальныя. Паставіўшы эксперыменты з дынямі і кавунамі ў першыя пару гадоў, я спынілася на зелянусе, цыбулі, моркве, бураках, кабачках, гарбузах і чорнай рэдзьцы. Усяго зусім патрошку, ёсць яшчэ цяплічка з памідорамі. Часам у гэты спіс укліньваюцца баклажаны і нешта яшчэ.

Верасень і Аўгіння з замежнымі гасцямі насупраць сваeй хаты. Фота: downshifter.by
Верасень і Аўгіння з замежнымі гасцямі насупраць сваeй хаты. Фота: downshifter.by

Але ўсё гэта настолькі неістотна, што можна нават не ўлічваць. Самы вялікі страх маёй мамы — што вясковая праца мяне загубіць. Але не, мама, спакойна, я не той чалавек, які стане сябе губіць.

Увесь мой агарод хутчэй для душы, гэта пэўны спосаб узаемадзеяння з зямлёй, прыродай, гадавымі цыкламі і варыянт фізічнай актыўнасці, а не рэальная падмога ў нарыхтоўцы запасаў харчоў.

У мяне нават яблыкі не атрымалася захаваць на зіму ў пограбе — пагнілі, а тое, што не згніло, даелі мышы. Так што суседскія дзядзечкі і цёцечкі, якія вядуць традыцыйную сельскую гаспадарку, — мая падтрымка і надзейны тыл.

Тым не менш у 2020-м я раптам усвядоміла, што маіх палутара сотак агароду на гэты год можа не хапіць. Краіна за краінай закрываліся на лакдаўны, вытворчасць спынялася, самалёты пераставалі ўзлятаць, і мая паніка стала ўзрастаць. Але паніка ў вёсцы ніколі не безвыходная.

У любой незразумелай сітуацыі саджай агарод

Так кажа мне мая падсвядомасць, і так яна мне найстойліва даводзіла вясной два гады таму. Я здалася, замовіла трактар у суседняй вёсцы (па шчырасці, мне так на гэтым залежала, што ў працэсе паўдзельнічалі тры трактарысты з трох суседніх вёсак), і цаліна плошчай у дзве соткі была ўзнята, узарана і гатова стаць агародам.

Крамы насення сталі маім другім домам на пэўны час. Я з асцервяненнем вырывала малады і пругкі дзядоўнік, выкідала яго дробна пасечанае карэнне і засявала зямлю морквай, буракамі, агуркамі. Нарэшце перада мной стаяла перспектыва забяспечыць сябе і сваю сям’ю ежай цалкам.

Але думаеш адно, а яно перавернецца на дно. Мне прыхапіла спіну, і, засадзіўшы толькі восьмую частку ўзаранай зямлі, я спыніла гэту дзейнасць. Ці трэба казаць, што пасечанае карэнне дзядоўніка дала парасткі, і я дагэтуль змагаюся з высачэнным, тоўстым пустазеллем і лаю сябе за тую слабасць двухгадовай даўніны.

Верасень і Аўгіння з замежнымі гасцямі насупраць сваeй хаты.

А ў Юры з Таняй, у якіх я купляю яйкі і гародніну, усё добра. І самім хапае, і з суседзямі падзеляцца. Саіда і Арудж стала забяспечваюць нас баранінай і малочнымі прадуктамі. Ларыса і Косця — па-ранейшаму крыніца духмянага мёду і хлеба. А свой адзіны вулей, якім мы мелі натугі заняцца, прадалі суседу. Яму больш патрэбна.

Бліжэйшая крама па-ранейшаму ў пяці кіламетрах ад нас. Але так часта, як у горадзе, туды наведвацца няма неабходнасці. Жывучы ў вёсцы, я прывыкла мець стратэгічны запас прадуктаў — крупы, соль, цукар, алеі. А тое, што неабходна купляць часцей, мы набываем у суседзяў.

За гэтыя 10 гадоў на вёсцы я стала больш цаніць навакольнае асяроддзе. Мяне больш сталі турбаваць пытанні экалогіі. Маё жыццё натуральным чынам стала менш шкодным для прыроды.

Пры гэтым я не забываю пра гігіену: так, я мыюся, у мяне ёсць пралка і нават пасудамыйка. Але карыстаюся я самаробным мылам, якое варыць цудоўная Наста з Майстэрні «Жывое», і убтанам, які сама раблю з мясцовых зёлак і гліны, запасы якой маем пад нагамі ў неабмежаванай колькасці. Посуд мыю содай і гарчыцай.

Від з вакна дома Аўгінні і Верасня. Фота: downshifter.by
Від з вакна дома Аўгінні і Верасня. Фота: downshifter.by

Я зусім не карыстаюся дэкаратыўнай касметыкай. У мяне ёсць сетачка з сетачкамі для паходаў у крамы і на кірмаш. Фермерскія прадукты, натуральна, купляю ў шматразовай тары. Не ведаю, ці была б я такой жа, жыві я ў горадзе. Але тут, на вёсцы, гэта ўсe адбываецца незаўважна і натуральна. Ну, не магу я глядзець, як пасля прання на траву ліецца вада з фасфатным парашком (а ў пачатку было і такое).

Тут я адчуваю адказнасць за прыроду навокал. І не тое што не хачу яе знішчаць, але і хачу яе прымножыць. Я пачала саджаць лясы і сады. Цяпер разумею, што трэба саджаць лесасады.

Я стала менш хварэць, і мне перасталі так моцна балець суставы

За 8 гадоў жыцця мы не падчапілі ніводнага віруса, а хварэць сталі, толькі калі сын пайшоў у садок і стаў дастаўляць вірусы на дом. «Хуткую» ўсё ж даводзілася выклікаць. Двойчы: адзін раз, калі я, цяжарная, амаль на 9-м месяцы, зламала руку, лезшы адчыняць юшку ў печцы; другі раз, калі сына ўпершыню ўджаліла пчала, ля шыі. Абодва разы «хуткая» ехала каля паўгадзіны.

Дарэчы, так. За гэты час у нас нарадзіўся сын Данат. Ён з’явіўся на свет у Мінску, але ўсё жыццё жыве ў Лохаўшчыне. Яму амаль пяць. І ён вельмі любіць вeску. Данат ходзіць у дзяржаўны беларускамоўны садок у шасці кіламетрах ад нас. Штодзень мы завозім яго ў суседнія Кашчэлічы, за кіламетр ад нас, адкуль яго забірае школьны аўтобус. Зімой гэта асаблівае задавальненне — каціць у поўнай цемры санкі з дзіцeм.

Зіма на вёсцы — увогуле адзін з маіх любімых сезонаў. Снег тут крыштальна белы, а нашу дарогу нават пяском не пасыпаюць — суседцы патрэбен санны шлях для каня. А на гары дарогу замятае так, што сумeты становяцца ў рост чалавека. У пэўным сэнсе гэта нязручнасці. Але я б нічога не мяняла, бо гэта рамантычна і ў сённяшніх рэаліях нават бяспечна. Выкатаныя цюбінгамі пагоркі, лыжні і цішыня. Люблю вымерзнуць, прыйсці дадому, скінуць валёнкі — і на печку. Невымоўны кайф.

Увогуле, печка — ратаўніца і ў міжсезонне. Калі гараджане мёрзнуць з яшчэ не ўключанымі батарэямі, мы тут рэгулюем тэмпературу ў хаце на свой густ.

З дасягненняў — мы дабіліся, каб да хутара зрабілі нармальную дарогу, па якой можна ездзіць. Па вёсках усталявалі кантэйнеры для збора смецця. З таго, што нам так і не ўдалося зрабіць: правесці правадны інтэрнэт (але, дзякуй богу, у сучасным свеце мабільнай сувязі гэта не так крытычна), дабіцца адмены пабудовы вялізнага свінакомплексу ў суседнім раёне (яго ўсё ж пабудавалі).

Мы не здзічэлі — на наша шчасце, побач сталі сяліцца аднадумцы і сябры. Цяпер гэта вялікая даўншыфтарская суполка. Ёсць тут і дзеці, таму Данат не расце ў ізаляцыі.

У артыкуле Ромы Носава я знайшла цікавы момант — Верасень там гаворыць пра нашу мару, пра якую я зусім забыла: «А мы вырашылі паветраны шар зрабіць. У тэхніцы бяспекі я — нуль, але паляцець хачу. Тканіна, газавая гарэлка — што там яшчэ трэба? Гэта не вельмі лёгка — плыт, вядома, прасцей. Але я хачу тут проста з пагорка на ім падняцца. А навошта яшчэ жыць, чувак? На машыну збіраць?»

Паветраны шар мы так і не зрабілі. Ды і на машыну не назбіралі. І нават ні разу не селі з фарбамі і пэндзлямі, якія накуплялі перад пераездам у вёску, за мальберт, каб маляваць пейзажы.

Затое купілі суседнюю хату на хутары. Дзясяць гадоў назад там жыла баба Васіліна і два яе сыны: Коля і Віця. Але з цягам часу адзін за адным яны памерлі. І ўсё ж мы паспелі з імі пасябраваць.

Колю мы ведалі найменш — ён памeр першым. Віцю спазналі значна лепш. На пытанне «як маешся?» Віця заўсёды казаў: «Магло б быць і лепш». І заўсёды расказваў адну і тую ж гісторыю, як у Адэсе яго катэр трапіў у шторм.

Найбліжэйшыя адносіны нас звязвалі з Васілінай. Побач з ёй мы пражылі 8 гадоў. Сёння ў яе хаце мы зрабілі рамонт, зарэгістравалі яе як аграсядзібу і далі назву «Арт-хутар „Васіліна“». Па-першае, хацелася захаваць імя гаспадыні. Па-другое, хочацца, каб на гэтай прасторы стваралася мастацтва, каб пісьменнікі, мастакі, музыкі, выкарыстоўвалі гэта месца для творчых рэзідэнцый.

Вечар на хутары з замежнымі сябрамі. Фота: Дзяніс Дзюба
Вечар на хутары з замежнымі сябрамі. Фота: Дзяніс Дзюба

За гэтыя 10 гадоў пра нас шмат хто пісаў і здымаў — і айчынныя, і замежныя медыя. Але самім пра сябе расказаць неяк не даводзілася

І вось яна, кволая спроба змясціць у 10 тысяч знакаў 10 гадоў жыцця. Вядома, гэта немагчыма. У прынцыпе, гэта цэлае жыццё. Мы не сядзелі ўвесь час на месцы, мы падарожнічалі.

Але штораз пры вяртанні ўсё яшчэ захоплівае дух ад мясцовых краявідаў, ад гэтых велічных узгоркаў і каляровых захадаў, ад густых ранішніх туманаў і празрыстага зорнага неба, ад першага водару вясны і месячнага святла, якое залівае заснежаныя лагчыны і пагоркі.

Так, не ўсе нашы мары здзейсніліся, але я разумею, што ўсё тое, што было са мной тут за гэты час, было натуральна, прыгожа і неабходна.

Для мяне даўншыфтынг — не выклік. Я не хачу «пакласці» сваё жыццё на служэнне нейкім ідэям, будзь тое адраджэнне сяла, захаванне традыцый ці аднаўленне біяразнастайнасці. Тым не менш усё маё жыццё ў вёсцы звязана менавіта з гэтымі ідэямі.

Проста я адчуваю іх не як нешта знешнее, што патрабуе ад мяне высілкаў, а як тое, што натуральным чынам ідзе знутры і суправаджае маё існаванне. Выраз «вырошчваць свой сад» для мяне стаў не проста словазлучэннем, а рэальным крэда жыцця.

На лапіку ўмоўна сваeй зямлі займацца сваёй справай, рабіць нешта прыгожае і даваць магчымасць іншым людзям ствараць прыгажосць — ці не ёсць гэта шчасце?