Закон «Аб канфіскацыі маёмасці» з’явіўся на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале ў ноч на 6 студзеня. Мяркуючы з тэксту, ён закране ўсіх, хто здзейсніў «недружалюбныя дзеянні» ў дачыненні да Беларусі або наштурхнуў на гэта замежныя дзяржавы. Але як усё гэта можа выглядаць на практыцы? «Люстэрка» спытала ў юрыста.

Імя юрыста мы не паказваем з меркаванняў яго бяспекі. Яго звесткі ёсць у рэдакцыі
— Для мяне асноўнае пытанне — у чым наогул мэта прыняцця гэтага закона, — кажа наш суразмоўца пасля чытання дакумента. — Раней урад ужо зацвердзіў пералік беларускіх кампаній, замежным акцыянерам якіх забараняецца прадаваць акцыі. І ў гэтым пераліку адзначана, што названыя акцыянеры з’яўляюцца рэзідэнтамі дзяржаваў, якія здзяйсняюць недружалюбныя дзеянні ў дачыненні да беларускіх юрыдычных або фізічных асоб. То-бок у прынцыпе хоць у першы дзень уступлення новага закона ў сілу ў іх можна адразу «адціскаць» акцыі. У маім разуменні, закон прыняты для гэтага, іншага сэнсу я не бачу.
А што з нагоды фізічных асоб? У законе прапісана, што маёмасць можна будзе забіраць і ў іх.
— Я не думаю, што для таго, каб забраць у Ціханоўскай кватэру ў Мазыры, трэба было прымаць асобны закон — для гэтага дастаткова наяўных інструментаў, — разважае эксперт. — У маім разуменні, гэта рабілася пад замежны бізнес. Але, відаць, яны загуляліся і ўключылі сюды наогул усіх. То-бок фармальна ў любой фізасобы, якая мае хоць нейкае дачыненне да недружалюбных дзеянняў, можна адабраць маёмасць.
Пры гэтым у новым законе вельмі шмат абстрактных паняццяў. Напрыклад, «здзяйсненне недружалюбных дзеянняў замежнай дзяржавай». Што маецца на ўвазе пад гэтым? З дакумента нічога не зразумела.
— Гаворка можа ісці пра заклікі да санкцый, пра якія-небудзь крытычныя выказванні ў дачыненні да ўладаў і іх рашэнняў, — мяркуе юрыст. — Мы можам пачуць, што такія словы нібыта наштурхнулі іншыя краіны ўвесці нейкія абмежаванні ў дачыненні да Беларусі — падобная логіка часта сустракаецца ў палітычных крымінальных справах, па якіх судзяць журналістаў. У гэтым выпадку, калі ў нашых спецслужбаў будзе такая інфармацыя пра чалавека, гэта стане падставай адабраць у яго маёмасць. Адзначу, што на сённяшні дзень у спіс недружалюбных да Беларусі краін уваходзяць краіны Еўрасаюза і яшчэ 12 дзяржаваў.
Паводле нашага суразмоўцы, цяпер стаіць пытанне, якія доказы будзе прымаць Эканамічны суд горада Мінска, што будзе разглядаць гэтыя справы.
— Я падазраю, што там будуць выключна якія-небудзь унутраныя дакументы КДБ (рапарты, справаздачы). Або справаздачы пра нейкія публічныя сустрэчы дэмсілаў з замежнымі міністрамі, пра выступы палітыкаў у Еўрапарламенце, — кажа эксперт. — Не выключаю, што канкрэтныя доказы наогул публічна ў судзе не будуць агучвацца, пра іх нам застанецца толькі здагадвацца. Пры гэтым ужо ясна, што любая асоба, якая хоць неяк магла паўплываць на рашэнні «недружалюбных дзяржаў», можа трапіць пад закон аб канфіскацыі маёмасці.
Чытайце таксама: