Грамадзянін Пакістана, праз якона паўтара дня быў перакрыты рух праз памежны пераход «Мядзінінкай — Каменны Лог» на мяжы з Літвой, пасля вяртання ў Беларусь звярнуўся па статус бежанца. Пра гэта паведаміў у панядзелак на прэс-канферэнцыі начальнік Дэпартамента па грамадзянстве і міграцыі МУС Аляксей Бягун.
Паводле Бегуна, пакістанца ва ўстаноўленым парадку прапусцілі на выезд з Беларусі, і ён нібыта нават меў адпаведную шэнгенскую візу, але Літва яго не пусціла.
— А калі ён заявіў, што хоча атрымаць статус бежанца на тэрыторыі Літвы, то ў доступе на тэрыторыю гэтай краіны па атрыманне статусу бежанца яму таксама было адмоўлена, хоць Літва з’яўляецца чальцом Канвенцыі аб статусе бежанцаў, — сцвярджае прадстаўнік МУС.
— Што заставалася беларускаму боку? З улікам таго, што ўезд і выезд павінныя быць у рамках заканадаўства, а падставаў для ўезду ўжо не было, грамадзянін Пакістана вымушаны быў папрасіць у нас пра працэдуру доступу да статусу бежанца або дадатковай абароны. Што і было выкананае. Яго прынялі назад на тэрыторыю Беларусі, і цяпер хадайніцтва знаходзіцца ў органах унутраных справаў для разгляду ва ўстаноўленым парадку, — сказаў Аляксей Бягун.
Нагадаем, інцыдэнт пачаўся ўвечары 7 ліпеня. Мужчына, якога не прапусцілі ў Літву, заставаўся на нейтральнай паласе і адмаўляўся вяртацца ў Беларусь, а беларускія памежнікі адмаўляліся яго забраць. У выніку днём 8 ліпеня літоўскі бок закрыў пункт пропуску «Мядзінінкай» для руху. Ён быў адкрыты толькі ўвечары нядзелі, 9 ліпеня, калі пакістанец вярнуўся ў Беларусь.
Памежная служба Літвы сцвярджала, што мужчына паказаў падроблены від на жыхарства Румыніі (краіна ЕС) і падробленыя румынскія правы кіроўцы. Там не казалі нічога пра тое, ці звяртаўся ён па статус бежанца. У ДПК Беларусі заявілі, што падчас праходжання беларускай мяжы мужчына паказваў свой сапраўдны пашпарт, і абвінавачвалі Літву ў шантажы.