Амерыканскія саветы па міжнароднай адукацыі пачалі прыём заявак ад беларусаў на ўдзел у шэрагу праграм Fulbright («Фулбрайт»). Беларусы могуць падавацца на чатыры разнастайныя праграмы: ад навучання ва ўніверсітэтах да даследчай і выкладчыцкай дзейнасці. Пры гэтым урад ЗША цалкам фінансуе выдаткі.
Пра якія праграмы ідзе гаворка
Па-першае, «„Фулбрайт“ для замежных студэнтаў». Яна прапануе навучанне ў магістратуры ВНУ ЗША. Акрамя беларускага пашпарта ў кандыдатаў мусіць быць дыплом аб вышэйшай адукацыі і выдатнае веданне англійскай мовы.
Па-другое, праграма для навукоўцаў і даследчыкаў, якая прапануе магчымасць праводзіць даследаванні і (ці) чытаць лекцыі ў адным з універсітэтаў ЗША (вызначаным самастойна або з дапамогай праграмы) цягам 3−6 месяцаў. Кандыдаты (кі) мусяць працаваць ва ўніверсітэтах ці даследчых ўстановах (у тым ліку НДА) у Беларусі ці іншых краінах, мець навуковую ступень кандыдата (кі) або доктара (кі) навук і добра ведаць англійскую мову.
Па-трэцяе, «Фулбрайт» для выкладчыкаў і выкладчыц ВНУ, што прапануе прафесійную стажыроўку цягам аднаго семестра без атрымання акадэмічнай ступені. Праграма ўключае знаёмства з адукацыйнымі курсамі, распрацоўку навучальных праграм, збор матэрыялаў, наведванне канферэнцый, супрацу з амерыканскімі калегамі, правядзенне прэзентацый. Кандыдаты і кандыдаткі мусяць быць выкладчыкамі ўстановаў вышэйшай адукацыі ў Беларусі ці іншай краіне, мець досвед выкладання не менш за два гады, вышэйшую адукацыю, а таксама добра ведаць англійскую мову.
І па-чацвёртае, праграма стыпендый Х’юберта Хамфры. Яна дае магчымасць вучыцца ва ўніверсітэце на ўзроўні магістратуры і адначасова ўдасканальваць сваё прафесійнае майстэрства ў ЗША цягам года без атрымання акадэмічнай ступені. Кандыдаты і кандыдаткі мусяць мець вышэйшую адукацыю, не менш за 5 гадоў досведу працы ў адпаведнай галіне, добра ведаць англійскую мову, а таксама дэманстраваць лідарскія якасці і імкненне прыносіць карысць грамадству.