У Мінску супрацоўніца турфірмы прыдумала схему дадатковага прыбытку — перапрадавала набытыя за кошт кампаніі авіябілеты сябрам са зніжкай, грошы прасіла залічыць сабе на картку, паведамілі ў прэс-службе МУС. «Зарабіла» 57 тысяч рублёў, але можа праседзець сем гадоў за кратамі.
У міліцыю паступіла інфармацыя, што 43-гадовая мінчанка прысвоіла грашовыя сродкі адной са сталічных турфірм.
Высветлілася, што жанчына працавала начальнікам аддзела ў турыстычнай кампаніі. Яна адказвала за продаж і афармленне авіябілетаў для кліентаў, якія набываліся за кошт фірмы.
«Яна рэгулярна прапаноўвала шматлікім знаёмым выгадна купіць авіябілеты, а аплату прасіла пералічваць на яе асабісты карт-рахунак», — расказалі ў міліцыі.
З дапамогай такой схемы яна прысвоіла 57 тысяч рублёў, якія выдаткавала на асабістыя патрэбы.
Распачатая крымінальная справа за прысваенне ў асабліва буйным памеры (ч.3 арт. 211 КК Беларусі). Жанчыне пагражае да сямі гадоў пазбаўлення волі.