У Мінску з 9 кастрычніка пачалі падаваць цяпло ў жылыя дамы, паведамілі ў Мінгарвыканкаме. У іншых гарадах — пакуль толькі ў сацаб’екты.
У Мінску з 9 кастрычніка пачалі ўключаць ацяпленне ў жыллёвым фондзе, інтэрнатах, агульнагарадскіх лазнях, установах адукацыі, тэатрах. Пры гэтым падача цяпла ў жылфонд адбываецца не за адзін раз — гэты працэс займае 3−5 дзён.
Нагадаем, у сацыяльных аб’ектах сталіцы і Мінскай вобласці ацяпляльны сезон пачаўся 6 кастрычніка. Тады цяпло атрымалі школы і дашкольныя ўстановы, установы аховы здароўя і іншыя спажыўцы першай чаргі.
На Віцебшчыне цяпло ў сацустановах таксама ўключаць з 9 кастрычніка, як і ў Гродзенскай, Гомельскай і Брэсцкай абласцях. У дамах батарэі пацяплеюць, калі сярэдняя тэмпература цягам пяці дзён будзе трымацца не вышэй за +8°С.
Паводле звестак Белгідрамета, у аўторак, 10 кастрычніка, у Беларусі месцамі чакаюцца начныя замаразкі, будзе ад 0 да -3°С. Удзень прагназуецца ад +5°С да +14°С.
Гэты верасень стаў самым цёплым у Беларусі за апошнія 78 гадоў і адсунуў наступ ацяпляльнага сезона, паведамлялі ў «Мінскэнерга».
За апошнія пяць гадоў ацяпляльны сезон стартаваў у кастрычніку толькі адзін раз, гэта адбылося ў 2020 годзе. Ва ўсе астатнія гады цяпло пачыналі ўключаць у верасні. А раней за ўсё — у 2021 годзе, тады ацяпляльны сезон у Мінску стартаваў 20 верасня.