Жыхар Гродна прайшоў медкамісію ў ваенкамаце і аказаўся непрыдатным да службы ў ваенны час праз плоскаступнёвасць і дэфармацыю ступняў. Але ў 2023 годзе ў спіс хваробаў, па якіх мужчыны вызваляюцца ад пераагляду, унеслі змены. Цяпер хлопцу трэба зноў яго праходзіць. Ён палічыў гэта парушэннем сваіх правоў і пайшоў у суд, але там справу спынілі праз тое, што такія скаргі не разглядаюць у судовым парадку. Пра сітуацыю піша Hrodna.life са спасылкай на рашэнне суда.
Пазоў разглядалі ў судзе Ленінскага раёна Гродна з удзелам прадстаўнікоў ваеннага камісарыята Гродна і Гродзенскага раёна, а таксама абласнога ваенкамата. Узрост мужчыны ў рашэнні суда не пазначаны.
Гродзенец паведаміў, што прызыўная камісія прызнала яго непрыдатным да вайсковай службы ў мірны час і абмежавана прыдатным да службы ў ваенны час па п. «в» арт. 68 графы 1 дзейнага раскладу хвароб (Плоскаступнёвасць і дэфармацыя ступняў). Яго залічылі ў запас, выдалі ваенны білет і вызвалілі ад абавязковага праходжання медкамісіі (пераагляд звычайна праводзіцца кожныя тры гады).
Пасля змены патрабаванняў да стану здароўя прызыўнікоў хлопец страціў вызваленне ад абавязковага медагляду і атрымаў позву. Гродзенец лічыць, што ўнесеныя ў прававыя акты змены не маюць зваротнай сілы, а праходжанне пераагляду абмяжоўвае яго канстытуцыйныя правы. Ён прасіў суд прызнаць дзеянні ваенкама незаконнымі і вызваліць яго ад медкамісіі.
Змены ўнесеныя пастановамі Міністэрства абароны і Міністэрства аховы здароўя ад 18.01.2023 № 1/10 і 17.05.2023 № 10/85 у пастанову Міністэрства абароны і Міністэрства аховы здароўя ад 05.03.2020 № 8/14 «Пра вызваленне асобных катэгорый грамадзян, залічаных у запас, ад абавязковага медыцынскага агляду». Фактычна пашырылі спіс хваробаў, з якімі беларусы цяпер прыдатныя або часткова прыдатныя для тэрміновай службы.
Што кажа ваенкамат?
Прадстаўнік ваенкамата Гродна і Гродзенскага раёна прасіў у задавальненні скаргі адмовіць, матываваўшы гэта тым, што дзеянні камісарыята грунтуюцца на законе і не абмяжоўваюць правоў гродзенца.
Ён паведаміў, што хлопец сапраўды быў прызнаны непрыдатным да службы па стане здароўя і тры гады не праходзіў медагляд. Але пасля змянення закона пункт «в» арт. 68 быў выключаны з пераліку захворванняў, па якіх грамадзяне вызваляліся ад абавязковага медыцынскага агляду. Цяпер ваенныя камісары павінныя пераправерыць у тым ліку вызваленых на падставе гэтага пункта ад службы.
Акрамя гэтага, медыцынскі агляд неабходны і для вызначэння крытэраў прыдатнасці да вайсковай службы ў ваенны час і прыцягнення да вайсковых збораў, паведаміў прадстаўнік ваенкамата.
Аналагічныя аргументы прывялі і ў абласным ваенным камісарыяце.
Што вырашыў суд?
Справу спынілі з прычыны непадведамаснасці судам — гэта значыць, што такія скаргі не разглядаюцца ў судовым парадку.
«Дадзеныя праваадносіны рэгулююцца спецыяльным заканадаўствам, у прыватнасці Законам Рэспублікі Беларусь „Пра вайсковы абавязак і вайсковую службу“ ад 05.11.1992 г., згодна з артыкуламі 36, 37, 371 якога ў судовым парадку падлягаюць абскарджанню толькі рашэнні раённай (гарадской), абласной (Мінскай гарадской) прызыўной камісіі і рашэнні ваеннага камісара раёна (горада) па прызыве грамадзян на вайсковую службу, але не іншыя дзеянні службовых асобаў органаў вайсковага кіравання», — гаворыцца ў рашэнні суда.
Юрысты чакалі задавальнення скаргаў
Раней «Люстэрка» пісала пра падобныя выклікі раней непрыдатных да тэрміновай службы хлопцаў. У пачатку 2023 года, калі спіс хваробаў толькі змяніўся, у ваенным камісарыяце Брэста і Брэсцкага раёна тлумачылі: закон зваротнай сілы не мае.
Юрыст, які працуе з прызыўнікамі, тлумачыў: сітуацыя з перааглядам «не з’яўляецца зваротнай сілай закона», таму няма ніякіх парушэнняў у тым, што хлопцаў сталі выклікаць у ваенкамат. Калі вайсковаабавязаны не прыйдзе на пераагляд, яго чакае адміністрацыйная адказнасць па арт. 26.3 КаАП «Парушэнне грамадзянамі абавязкаў па вайсковым уліку» (штраф у тры базавыя велічыні). Арт. 435 КК «Ухіленне ад мерапрыемстваў па прызыве на вайсковую службу» на яго не распаўсюджваецца, бо яго клічуць на пераагляд, а не на прызыў.
Сэрвіс бясплатнай юрыдычнай дапамогі беларусам Legal Hub на «Белсаце» ў чэрвені 2023 года раіў звяртацца ў суд са скаргай на незаконныя дзеянні ваенкамата.
«Практыка разгляду такіх скаргаў адносна новая: суды і ваенкаматы аказаліся да яе не гатовыя. Здараецца, што дастаткова проста скаргі — і нават без суда ваенкамат пераглядае ўласныя дзеянні», — паведамлялі тады юрысты.
Чытайце таксама


