Ва ўладаў ёсць шэраг сталых, «штатных» прапагандыстаў накшталт Рыгора Азаронка, Вадзіма Гігіна, Андрэя Мукавозчыка ці Алега Гайдукевіча. Гэтыя спікеры не абмяжоўваюць сябе ў словах і эмоцыях, дазваляюць сабе беспакарана абражаць і нецэнзурна выказвацца на адрас усяго і ўсіх, што іх (чытай — цяперашнюю ўладу) не задавальняе. І ў такіх асобаў, нягледзячы на частую абсурднасць і крайнюю агрэсіўнасць іх заяваў, ёсць свае прыхільнікі. Прапагандыстаў узроўню Рыгора Азаронка возяць на сустрэчы з працоўнымі калектывамі і студэнтамі, «інфаказачка» Вольга Бондарава балатуецца (праўда, няўдала) у Мінгарсавет. Чаму з’яўляюцца такія палітычныя і прапагандысцкія фрыкі і чаму яны робяцца папулярнымі? Пра гэта разважае псіхіятр Сяргей Папоў.
«Шут кажа тое, што не можа дазволіць сабе сказаць яго гаспадар»
Аўтарытарныя рэжымы поўныя дзівосных рэчаў. У іх існуе моцна перакручаная эстэтыка дэструктыўнасці і гвалту, культура садамазахісцкіх адносін, калі начальнік ці прэзідэнт пясочыць або «ператрахвае» сваіх набліжаных, а тыя праз такую «бацькаву» любоў адчуваюць сваю значнасць. Усё гэта — досыць простыя і прымітыўныя механізмы, якія адносяцца да ранейшых этапаў развіцця чалавечага грамадства, калі ўсё трымалася на простай сістэме іерархіі «я начальнік — ты дурань». Існаванне палітычных ці прапагандысцкіх фрыкаў — яшчэ адна характэрная асаблівасць такіх рэжымаў.
Пры двары караля яшчэ з сярэднявечных часоў заўсёды быў блазан. У яго функцыі ўваходзіла забаўляць кіраўніка, яго гасцей, а таксама народ. Але калі паглядзець глыбей, то блазан рабіў нашмат больш, чым проста смяшыў. Ён не можа з’явіцца там, дзе ёсць свабода слова. І чым больш брутальны/фрыкаваты блазан, тым больш гэта паказвае на татальнасць табу без боязі выказваць свае думкі. Блазан мае выключнае права казаць амаль усё, але асабліва тое, што не можа сабе дазволіць сказаць яго гаспадар.
Гэта нібы сімвалічны двайнік кіраўніка, яго псіхічнае пашырэнне вонкі. Калі б сам уладар казаў тое, што думае, гэта б раскрыла і агаліла відавочную абсурднасць і паталагічнасць яго думак і ўнутранай рэальнасці, паставіла б яго ў няёмкую сітуацыю. Хоць часам кароль сваімі паводзінамі і словамі лёгка можа пакінуць блазна беспрацоўным. Дазволю сабе не прыводзіць прыкладаў з нашага часу.
Але вернемся да таго, што блазан — гэта двайнік свайго гаспадара. Двайнік, які выказвае і дэманструе адны з самых непрыемных рысаў уладара. Аднак ніхто не мусіць здагадацца, што блазан — гэта твар уладара, то-бок, лічы, ён сам. Таму блазан мусіць быць добрым акторам — ну, ці псіхам.
У скамароха пры двары можа быць і іншая функцыя, калі ён робіцца такой канцэнтраваным увасабленнем глупства, заганнасці, такім відавочным непаразуменнем, каб адцягваць на сябе ўсю ўвагу. На яго фоне гаспадар выглядае разумным, разважным. У гэтым выпадку словы блазна — гэта гарох у бычыным пухіры на палачцы, бразготка, якая прыцягвае, а дакладней, адцягвае ўвагу ад сапраўды важных рэчаў, якія адбываюцца ў «каралеўстве».
Калі ўжо сістэма ўлады ў Беларусі і ў РФ — гэта сістэма цара, прыдворных і народа, то і без блазнаў гэтай сістэме не абысціся. Ці не выконваюць іх функцыю палітычныя ці прапагандысцкія фрыкі?
Яны ўзгадаваныя асяроддзем, дзе няма свабоды слова; яны маюць уяўную свабоду гаварыць усё, што ўздумаецца. Яны амаль недатыкальныя, яны толькі і робяць, што крытыкуюць.
Толькі вось незразумела: яны такія таленавітыя акторы ці ўсё ж людзі з пэўнымі псіхічнымі асаблівасцямі? Як двайнікі свайго ўладара яны літаральна агучваюць тое, што ў галаве ў апошняга, або кідаюцца словамі і грымяць імі, як гарохам з бразготкі з мэтай адцягнуць увагу народа, каб той не ўбачыў і не даведаўся праўду пра свайго ўладара? Напэўна, і тое, і тое. З часам усё раскрыецца. Цяпер яны навідавоку і бяспечна існуюць у межах краіны пры сваім заступніку. Але разам з ім і бясслаўна адыдуць у нябыт. Застануцца толькі ролі, маскі і трохканечныя каўпакі. А што насамрэч гэта былі за людзі, ніхто ніколі не даведаецца.
«Не застаецца выбару ў гэтай сістэме: альбо чалавек з тым, хто прыніжае, альбо яго будуць зневажаць»
Дзіўна, што такія палітычныя і прапагандысцкія фрыкі ў пэўнай ступені папулярныя і з’яўляюцца своеасаблівымі знакамітасцямі. Іх слухаюць, глядзяць, на іх рэагуюць, за імі сочаць. Цікава разабрацца ў прычынах гэтага.
Адну з іх я ўжо мімаходзь згадаў у самым пачатку: мы маем дачыненне са своеасаблівай перакручанай эстэтыкай аўтарытарнага і таталітарнага грамадства. Брудная неканструктыўная крытыка і прыніжэнне робяцца папулярным кантэнтам, які прыносіць электарату задавальненне. «Як ён ім усім надаваў!» — выклікае захапленне нашмат больш, чым «як усе разам рэалізавалі выдатны карысны праект».
Чалавеку сістэма не пакідае выбару: альбо ён ідэнтыфікуе сябе з тым, хто зверху, хто прыніжае, альбо яго самога будуць зневажаць. У такой эстэтычнай парадыгме прапагандысцкія фрыкі — першыя superstars. І іх глядзяць.
Пры гэтым раптам аказваецца, што блазны таксама робяцца сімвалам «свабоды слова». Толькі важна — перакручаным сімвалам перакручанай свабоды для бруднай і зневажальнай лексікі ў публічнай прасторы. Гэта як калі б бацькі вучылі дзяцей лаяцца матам, але забаранялі вучыцца разумець, разважаць і дзяліцца сваімі ідэямі. І гэты перакручаны сімвал свабоды таксама вабіць многіх людзей, на жаль.
Кожны чалавек мае патрэбу ва ўсведамленні сябе разумным, разважлівым і псіхічна здаровым. Думаю, усе гэтыя прапагандысцкія «фрык-шоу» насамрэч і даюць людзям магчымасць адчуць, што яны «ў сваім розуме». Чалавек, які падзяляе погляды прапаганды, адчувае, што ў гэтым грамадстве ён не адзін, а значыць, адчувае сябе нармальным і моцным. Чалавек, які разумее абсурднасць прапаганды, бачыць яшчэ больш адрозненняў паміж сваімі каштоўнасцямі і каштоўнасцямі, якія транслюе рэжым, — і таксама адчувае сябе больш цэласным, без унутраных сумневаў «што правільна, а што — не». Дзякуючы вось гэтай складанай сістэме і захоўваецца патрэба ў прапагандысцкіх «фрык-шоу».
І пад канец: блазны ўсё ж смяшылі людзей сваёй недарэчнасцю і карыкатурнасцю. Калі мы смяёмся, мы трохі забываем пра цяжкае, можам хоць на нейкі час перастаць успрымаць занадта сур’ёзна тое, што адбываецца, і крыху перадыхнуць. Калі ў жыццёвай прасторы чалавека не засталося нічога, што можа яго рассмяшыць, у дом праз тэлевізар ці навіны прыйдуць палітычныя фрыкі. І яны нават скажуць праўду пра свайго гаспадара. Толькі скажуць не наўпрост — словамі, а тым, якія каштоўнасці транслююць. Але гэтая праўда ўжо вядомая, так што наўрад ці мы пачуем тут нешта новае.
Таму толькі хочацца пажадаць усім нам, каб мы знаходзілі ў жыцці нешта іншае, што зможа нас смяшыць. Каб гэта быў гумар вакол пяшчоты і любові, а не вакол прыніжэння. І каб усе мы вучыліся свабодзе слова — той, якая ёсць працягам уласнай свабоды мыслення і творчасці.
Меркаванне аўтара можа не супадаць з пазіцыяй рэдакцыі.
Жыць у 2024-м няпроста, а зразумець гэтую вар’яцкую рэальнасць яшчэ цяжэй. «Люстэрка» дае слова незалежным экспертам, каб даць рэчам свае імёны і пашырыць прастору для дыскусіі, пакуль у Беларусі яна змяншаецца з кожным днём.Падтрымайце рэдакцыю, каб мы працягвалі казаць пра важнае 🤍
Станьце патронам «Люстэрка» — незалежнага медыя, якое толькі на сайце штомесяц наведвае больш за 2 мільёны ўнікальных карыстальнікаў. Ахвяраваць любую суму можна хутка і бяспечна праз сэрвіс Donorbox. Гэта бяспечна? Калі вы не ў Беларусі — так. Гэты сэрвіс выкарыстоўвае больш за 80 тысяч арганізацый з 96 краін. Ён сапраўды надзейны: у аснове — аплатная сістэма Stripe, сертыфікаваная па міжнародным стандарце бяспекі PCI DSS. А яшчэ банк не ўбачыць, што плацёж зроблены ў адрас «Люстэрка». Вы можаце зрабіць разавае ахвяраванне ці аформіць рэгулярны плацёж. Рэгулярныя данаты нават на невялікую суму дазволяць нашай рэдакцыі лепш планаваць уласную працу. Важна: не данацьце з картак беларускіх і расійскіх банкаў. Гэта пытанне вашай бяспекі. Калі для вас зручнейшы сэрвіс Patreon — вы можаце падтрымаць нас з дапамогай яго. Аднак Donorbox возьме меншую камісію і цяпер у прыярытэце для нас.