У Міністэрстве абароны Расіі заявілі, што ў Данецкай вобласці нанеслі ўдар па пункце кіравання 59-й мотапяхотнай брыгады УСУ. Ва ўкраінскім Генштабе расказалі, што расійскія сілы актыўна атакавалі Мар'інку. У амерыканскім Інстытуце па вывучэнні вайны адзначылі, што тэмпы наступу расійскіх сіл ва Украіне знізіліся нават у параўнанні з мінулым тыднем.
Расказваем пра галоўнае са зводак штабоў і высноваў экспертаў на 386-ы дзень вайны ва Украіне.
Генштаб УСУ: адбілі больш за 75 атак
За мінулыя суткі расійскія войскі нанеслі тры ракетныя ўдары, у тым ліку па аб’екце цывільнай інфраструктуры Харкава. Таксама праціўнік нанёс 29 авіяцыйных удараў і правёў 79 абстрэлаў з рэактыўных сістэм залпавага агню. Пра гэта паведаміў Генштаб УСУ ў ранішняй зводцы.
— Асноўныя намаганні праціўнік засяроджвае на Ліманскім, Бахмуцкім, Аўдзееўскім, Мар'інскім і Шахцёрскім напрамках. За мінулыя суткі ён здзейсніў на названых напрамках больш за 75 атак. Усе яны былі адбітыя.
— На Валынскім, Палескім, Северскім і Слабажанскім напрамках праціўнік абстраляў раёны 20 населеных пунктаў.
— На Купянскім і Ліманскім напрамках расійскія войскі вялі беспаспяховыя наступальныя дзеянні ў раёнах Гранікаўкі, Белагораўкі і Спірнага. Ажыццявілі артылерыйскія абстрэлы раёнаў 20 населеных пунктаў.
— На Бахмуцкім напрамку расійскія сілы не пакідаюць спробаў штурмаваць Бахмут. УСУ адбілі шматлікія атакі праціўніка ў раёнах населеных пунктаў Арэхава-Васільеўка і Багданаўка. Расійскім абстрэлам падвергліся 12 населеных пунктаў паблізу лініі судакранання.
— На Аўдзееўскім, Мар'інскім і Шахцёрскім напрамках праціўнік беспаспяхова спрабаваў наступаць у раёнах населеных пунктаў Стэпавае, Каменка, Аўдзееўка, Паўночнае, Нятайлава, Першамайскае, Невельскае, Мар'інка і Вуглядар. На гэтым участку фронту за мінулыя суткі больш за ўсё атак зафіксавалі ў раёне Мар'інкі — 12, усе яны адбітыя. Расійскім абстрэлам падвергліся раёны 11 населеных пунктаў.
— На Запарожскім і Херсонскім напрамках расіяне вядуць абарончыя дзеянні. Абстрэлам падвергліся раёны 14 населеных пунктаў і горад Херсон.
— За мінулыя суткі авіяцыя Сіл абароны нанесла 16 удараў па раёнах канцэнтрацыі асабовага складу і ваеннай тэхнікі праціўніка.
— Збіты варожы самалёт Су-25 і 13 беспілотных лётных апаратаў рознага тыпу.
— Падраздзяленні ракетных войскаў і артылерыі нанеслі ўдары па пункце кіравання, трох раёнах канцэнтрацыі асабовага складу і ваеннай тэхнікі праціўніка, а таксама па дзвюх радыёлакацыйных станцыях, станцыі радыёэлектроннай барацьбы і зенітна-ракетным комплексе на агнявой пазіцыі.
Мінабароны РФ: знішчальнай авіяцыяй ВКС збіты ўкраінскі МіГ-29
У Міністэрстве абароны Расіі заявілі, што «працягваюць правядзенне спецыяльнай ваеннай аперацыі».
— На Купянскім напрамку авіяцыя і артылерыя Заходняй групоўкі войскаў нанеслі ўдары па жывой сіле і тэхніцы праціўніка ў раёнах населеных пунктаў Гранікаўка, Катляроўка, Бераставое Харкаўскай вобласці, Навасёлаўскае і Ружоўка Луганскай вобласці. Знішчаныя да 50 украінскіх вайскоўцаў, два аўтамабілі, а таксама артылерыйская сістэма М777.
— На Чырвона-Ліманскім напрамку агнём артылерыі і цяжкіх агнямётных сістэм групоўкі войскаў «Цэнтр» пабітыя падраздзяленні УСУ ў раёнах населеных пунктаў Неўскае, Чырвоная Дзіброва Луганскай вобласці, Ямполаўка і Грыгораўка Данецкай вобласці. За суткі на гэтым напрамку знішчаныя звыш 100 украінскіх вайскоўцаў, дзве баявыя машыны пяхоты, дзве баявыя браніраваныя машыны, самаходная артылерыйская ўстаноўка «Акацыя», а таксама гаўбіца Д-30.
— На Данецкім напрамку падчас актыўных дзеянняў падраздзяленняў Паўднёвай групоўкі войскаў, удараў авіяцыі і артылерыі за дзень знішчаныя да 275 украінскіх вайскоўцаў, два танкі, дзве баявыя браніраваныя машыны, два пікапы, баявая машына РСЗА «Ураган», гаўбіца Д-20, самаходная гаўбіца «Гваздзік», а таксама самаходная артылерыйская ўстаноўка М109 Paladin.
— На Паўднёва-Данецкім і Запарожскім напрамках авіяцыяй і артылерыяй групоўкі войскаў «Усход» нанесенае комплекснае паражэнне падраздзяленням УСУ ў раёнах населеных пунктаў Вуглядар, Паўлаўка Данецкай вобласці, Новаданілаўка і Шчарбакі Запарожскай вобласці. За суткі на гэтых напрамках страты УСУ склалі да 60 вайскоўцаў, чатыры танкі, бронеаўтамабіль, гаўбіца Д-20, а таксама адна артылерыйская сістэма М777.
— На Херсонскім напрамку падчас агнявога паражэння за суткі знішчаныя больш за 35 вайскоўцаў УСУ, адзін танк, дзве баявыя машыны РСЗА «Град», а таксама гаўбіца Д-30.
Усяго за суткі, паводле МА РФ, нанесенае паражэнне 93 артылерыйскім падраздзяленням, жывой сіле і тэхніцы УСУ ў 186 раёнах. У раёне населенага пункта Камышоўка Данецкай вобласці пабіты пункт кіравання 59-й мотапяхотнай брыгады УСУ. Знішчаныя ўкраінскія зенітны ракетны комплекс С-300, зенітны ракетны комплекс «Аса-АКМ», радыёлакацыйная станцыя контрбатарэйнай барацьбы AN/TPQ-50.
Знішчальнай авіяцыяй ВКС Расіі ў раёне населенага пункта Новавадзяное Луганскай вобласці збіты самалёт МіГ-29 Паветраных сіл Украіны. Перахопленыя восем рэактыўных снарадаў сістэм залпавага агню HIMARS і «Ураган», а таксама адна супрацьрадыёлакацыйная ракета HARM. Знішчаныя дзевяць беспілотных лётных апаратаў.
Інстытут па вывучэнні вайны: Крэмль патрабуе набраць 400 тысяч кантрактнікаў
Агульны тэмп расійскіх аперацый ва Украіне, відавочна, знізіўся ў параўнанні з папярэднімі тыднямі, адзначае ў свежай зводцы Інстытут па вывучэнні вайны.
Прэс-сакратар Украінскага аб’яднанага прэс-цэнтра Сіл абароны Таўрыі палкоўнік Аляксей Дзмітрашкіўскі заявіў 15 сакавіка, што расійскія наземныя атакі скараціліся з 90−100 да 20−29 у дзень. Дзмітрашкіўскі паведаміў, што расійскія войскі трохі зменшылі наступальны патэнцыял праз значныя страты ў жывой сіле і тэхніцы. Заявы Дзмітрашкіўскага супадаюць з агульным назіраннем ISW адносна тэмпаў расійскіх аперацый уздоўж усёй лініі фронту ва Украіне. Расійская наступальная аперацыя ў Луганскай вобласці, імаверна, набліжаецца да кульмінацыі, калі яшчэ не дасягнула яе, хоць Расія скіравала на лінію Сватава — Крамянная большую частку падраздзяленняў як мінімум трох дывізій. Расійскія сілы дамагліся толькі мінімальных тактычных поспехаў на ўсёй лініі фронту ў Луганскай вобласці за апошні тыдзень, а ўкраінскім сілам, імаверна, нядаўна ўдалося правесці контратакі і адваяваць там частку тэрыторыі, кажуць эксперты.
Яны адзначаюць, што наступ ПВК Вагнера на Бахмут таксама набліжаецца да кульмінацыі. Яўген Прыгожын нядаўна заявіў, што недахоп боепрыпасаў адбіўся на здольнасці Вагнера працягваць наступ на Бахмут. Прыгожын таксама паведаміў, што вагнераўцы захапілі Залізнянскае — маленечкую вёску за 9 км на паўночны захад ад Бахмута, што сведчыць пра тое, што сілы «Вагнера», імаверна, праводзяць авантурныя лакальныя атакі на невялікія населеныя пункты, якія адносна лягчэй захапіць. Гэтыя «заваёвы» дазваляюць дапусціць, што страты ў жывой сіле, артылерыі і тэхніцы ў баях за Бахмут, імаверна, абмяжуюць здольнасць ПВК Вагнера завяршыць акружэнне Бахмута або захапіць значную тэрыторыю ў баях за гарадскія раёны. Як адзначаюць у ISW, аднаго вагнераўскага наступу будзе недастаткова, і Расіі, імаверна, давядзецца задзейнічаць значныя рэзервы, каб захапіць Бахмут. «Расійскія сілы не праводзяць актыўных або паспяховых наступальных аперацый на іншых напрамках тэатра ваенных дзеянняў, і паколькі тэмпы аперацый на крытычных участках фронту запавольваюцца, ва ўкраінскіх сіл, імаверна, з’яўляецца больш магчымасцяў вярнуць сабе ініцыятыву», — заўважаюць эксперты.
На што яшчэ звярнулі ўвагу эксперты:
- Яўген Прыгожын пракаментаваў паведамленні пра звальненне камандуючага ПДВ Расіі Міхаіла Цяплінскага, што, імаверна, сведчыць пра сувязь Цяплінскага з вагнераўцамі;
- паведамляецца, што спробы Расіі прадставіць вайну ва Украіне як экзістэнцыйную пагрозу для ўнутранай бяспекі Расіі шляхам размяшчэння дадатковых аб’ектаў СПА ў раёнах, дзе ніколі не будзе баявых дзеянняў, выклікаюць унутры РФ негатыўную рэакцыю;
- Уладзімір Пуцін выкарыстаў сваю сустрэчу 15 сакавіка з Генеральнай пракуратурай Расіі, каб працягнуць умацаванне сваёй рэпутацыі актыўнага і эфектыўнага кіраўніка ваеннага часу;
- расійскія сілы не праводзілі пацверджаных наземных атак на паўночны захад ад Сватава і праводзілі абмежаваныя наземныя атакі на лініі Сватава — Крамянная;
- расійскія войскі працягвалі наступ у раёне Бахмута і наносілі ўдары па лініі Аўдзееўка — Данецк;
- расійскі ваенны блогер заявіў, што ўкраінскія сілы спрабавалі весці наступальныя дзеянні праз Кахоўскае вадасховішча ў Херсонскай вобласці;
- паведамляецца, што Крэмль даручыў Міністэрству абароны Расіі набраць 400 тысяч кантрактнікаў пачынаючы з 1 красавіка;
- украінскія партызаны знішчылі расійскага калабарацыяніста ў выніку выбуху СВУ ў Мелітопалі Запарожскай вобласці.