Кампанія па арыштах высокапастаўленых расійскіх генералаў, якая пачалася пасля адстаўкі кіраўніка Мінабароны Сяргея Шайгу, праходзіць са згоды Крамля. Пра гэта піша The Moscow Times са спасылкай на свае крыніцы ў Крамлі, урадзе і Міністэрстве абароны Расіі.
«Ідзе жорсткая зачыстка. ФСБ зачышчае каманду Шайгу. Гэта чаканы працэс. Сілавікі атрымалі дазвол на самым версе [у кіраўніцтве краіны]», — сказала крыніца, блізкая да Крамля.
«Да завяршэння чыстак яшчэ далёка. Нас чакаюць новыя арышты», — дадала яна.
Крыніца, блізкая да Міністэрства абароны, расказала выданню, што супрацоўнікі спецслужбаў, адказныя за расследаванне карупцыі, з’явіліся ў ведамстве яшчэ ў канцы красавіка, да таго, як стала вядома пра арышт намесніка міністра абароны Цімура Іванова.
«Цяпер там [у будынку Мінабароны] больш чэкістаў, чым вайскоўцаў, мне здаецца», — кажа суразмоўца The Moscow Times.
За два тыдні пасьля звальненьня Шайгу па крымінальных справах, звязаных з карупцыяй, былі арыштаваныя ўжо чатыры высокапастаўленыя генэралы расійскай арміі. У чацвер, 23 траўня, Следчы камітэт паведаміў пра пятага арыштаванага афіцэра.
Гаворка можа патэнцыйна ісці пра адну з «самых маштабных чыстак» у найноўшай расійскай гісторыі, і працэс толькі набірае абароты, сказаў The Moscow Times дзейны чыноўнік расійскага ўрада.
«Я думаю, да канца года агулам па ўсіх падраздзяленнях Мінабароны будуць арыштаваныя сотні людзей», — дадаў ён.
Паводле іншага чыноўніка Кабміна, матэрыялаў пра карупцыйныя схемы ў Мінабароны заўсёды «была куча», і заводзіліся крымінальныя справы: «Але пакуль Шайгу быў міністрам і меў велізарны ўплыў, следчым не дазвалялі даваць ім ход».
Распачатая кампанія, на якую ФСБ атрымала дазвол у Крамлі, паказвае, што ва ўмовах ваеннага часу ў супрацьстаянні двух галоўных у Расіі сілавых структур — арміі і ФСБ — перамогу атрымліваюць спецслужбы, лічыць крыніца, блізкая да Крамля.
«У правале ўварвання вінаваты мусіць быць нехта адзін. Гэта ці спецслужбы, якія займаліся выведкай і аналітычнай падрыхтоўкай вайны і абяцалі Пуціну трыумфальную аперацыю і хуткую перамогу. Але праваліліся. Альбо „другая армія свету“ пад кіраўніцтвам Шайгу, якая мусіла забяспечыць Пуціну перамогу. Але аказалася папяровым тыграм і пацярпела катастрофу», — тлумачыць суразмоўца The Moscow Times.
Па выніках перастановак, якія пасля інаўгурацыі на пяты тэрмін зладзіў Пуцін, пасаду страціў не толькі Шайгу, але і каардынатар спецслужбаў, сакратар Савета бяспекі Мікалай Патрушаў. Тым не менш ФСБ усё ж мае перамогу ў гэтым супрацьстаянні: яна можа атрымаць заахвочанне і ўзнагароды за «барацьбу з карупцыяй» у найвышэйшых эшалонах улады.
«Задача максімум — паставіць сваіх людзей і кантраляваць самае смачнае, тыя напрамкі, дзе ёсць вялікія бюджэты, — тлумачыць чыноўнік урада. — Ці вы ўсур'ёз лічыце, што нехта з іх у гэты момант думае пра спецаперацыю?»
Нагадаем, у красавіку, паводле афіцыйнай версіі, за атрыманне хабару быў арыштаваны намеснік міністра абароны Цімур Іваноў. Між тым «Важные истории» са спасылкай на дзве не звязаныя паміж сабой крыніцы ў ФСБ напісалі, што Іванова затрымалі па падазрэнні ў дзяржаўнай здрадзе.
У першай палове траўня стала вядома пра затрыманне начальніка Галоўнага ўпраўлення кадраў Мінабароны Расіі генерал-лейтэнанта Юрыя Кузняцова. Як заявілі ў СК РФ, па крымінальнай справе пра атрыманне хабару ў асабліва буйным памеры.
У сераду, 22 траўня, ТАСС паведаміў, што па падазрэнні ў махлярстве арыштаваныя былы камандуючы 58-й арміяй Узброеных сіл РФ генерал-маёр Іван Папоў і кіраўнік дэпартамента па забяспечанні дзяржзаказу Мінабароны Уладзімір Верцялецкі.
23 траўня стала вядома, што вайсковы суд у Маскве арыштаваў на два месяцы начальніка Галоўнага ўпраўлення сувязі Узброеных сіл Расіі — намесніка начальніка Генштаба генерал-лейтэнанта Вадзіма Шамарына.