Гарачую стадыю вайны неабходна заканчваць. Аднак Украіна ніколі не прызнае акупаваныя тэрыторыі часткай Расіі. Пра гэта ў Давосе журналістам заявіў прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі.
— Юрыдычна, як бы хто ні хацеў, няхай хоць усе саюзнікі свету аб’яднаюцца, юрыдычна мы не прызнаем акупаваныя тэрыторыі (часткай РФ. — Заўв. рэд.). Гэта немагчыма. Пакуль мы туды не вернемся, яны заўсёды будуць акупаваныя Расіяй, і па-іншаму не можа быць, — заявіў Зяленскі.
Разам з тым ён адзначыў, што неабходна заканчваць «гарачую стадыю вайны». І тут галоўнымі становяцца гарантыі бяспекі — што Расія зноў не нападзе на Украіну.
Што да сяброўства Украіны ў NATO, то тут, як адзначыў Зяленскі, усё будзе залежаць ад жадання прэзідэнта ЗША Дональда Трампа, хоць сёння супраць уступлення ў Альянс выступаюць самі Злучаныя Штаты, Германія, Славакія і Венгрыя.
— Калі Трамп будзе гатовы бачыць Украіну ў NATO, мы будзем у NATO. Усе будуць за. Калі Трамп не будзе гатовы бачыць Украіну ў NATO — мы не будзем у NATO, — упэўнены Зяленскі.
Ён таксама адзначыў, што перамовы не павінныя пачынацца з пытанняў Пуціну: «А што ты хочаш?» З ім трэба размаўляць з пазіцыі сілы, лічыць украінскі прэзідэнт.
— Калі пачынаць гаварыць з ім на роўных, я думаю, гэта пройгрыш для Украіны, — заявіў Зяленскі.
Нагадаем, сярод галоўных патрабаванняў, якія называў прэзідэнт РФ Уладзімір Пуцін для пачатку перамоваў, — нейтральны, пазаблокавы статус Украіны і прызнанне статусу Крыма, Севастопаля, самаабвешчаных ДНР і ЛНР, Херсонскай і Запарожскай абласцей як суб’ектаў Расійскай Федэрацыі «ў тых адміністрацыйных межах, якія існавалі ў момант іх уваходжання ва Украіну».
Чытайце таксама


