Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп сцвярджае, што памілаванні былога амерыканскага лідара Джо Байдэна «несапраўдныя і не маюць юрыдычнай сілы», бо былі падпісаныя аўтаматычнай прыладай, якая імітуе подпіс. Пра гэта ён напісаў у сваёй сацсетцы Truth Social.
«„Памілаванні“, якія снулы Джо Байдэн падараваў, абвяшчаюцца несапраўднымі, пазбаўленымі юрыдычнай сілы і наступстваў, бо яны былі падпісаны аўтаматычнай прыладай, якая імітуе подпіс. Іншымі словамі, Джо Байдэн не падпісваў іх, але, што яшчэ важней, ён нічога пра іх не ведаў! Неабходныя дакументы пра памілаванне не былі растлумачаныя Байдэну ці ўхваленыя ім. Ён нічога пра іх не ведаў, а тыя, хто ведаў, маглі здзейсніць злачынства», — лічыць Трамп.
23 снежня мінулага года Байдэн памілаваў амаль усіх асуджаных на смяротнае пакаранне па федэральных абвінавачаннях. 17 студзеня Байдэн змякчыў прысуды прыкладна 2,5 тыс. асуджаных за злачынствы, звязаныя з наркотыкамі.
Акрамя гэтага, ён у папераджальным парадку памілаваў шэраг асобаў, якім Трамп пагражаў пераследам, у іх ліку — былы кіраўнік Аб’яднанага камітэта начальнікаў штабоў УС ЗША генерал Марк Мілі, былы дырэктар Нацыянальнага інстытута алергічных і інфекцыйных захворванняў Энтані Фаучы, а таксама чальцы спецыяльнага камітэта Палаты прадстаўнікоў Кангрэса, які расследаваў абставіны штурму Капітолія ў пачатку 2021 года, і супрацоўнікі паліцыі Капітолія і акругі Калумбія, якія давалі паказанні па гэтай справе.
Джо Байдэн стаў кіраўніком дзяржавы, які аддаў найбольшую колькасць распараджэнняў пра памілаванне і змякчэнне пакарання ў гісторыі Злучаных Штатаў.