Праверкі і допыты на мяжы пачаліся ў лютым гэтага года пасля падрыву расійскага самалёта на аэрадроме ў Мачулішчах. А з траўня толькі ўзмацніліся. Больш чым паўгода на мяжы людзі ў цывільным дапытваюць людзей, праглядаюць тэлефоны, пры гэтым не прадстаўляюцца і не тлумачаць прычыны. Колькі яшчэ ўсё гэта будзе цягнуцца? З гэтым пытаннем журналістка «Люстэрка» як звычайная грамадзянка патэлефанавала на жывую лінію Дзяржпамежкамітэта. Яе правёў кіраўнік ДПК Канстанцін Моластаў.
— Скажыце, а калі скончацца праверкі на мяжы? Бо амаль заўсёды некалькі чалавек з аўтобуса адводзяць кудысьці, а ўсе пасажыры чакаюць. Нязручна зусім пастаянна страчваць час.
— У пунктах пропуску праходзяць звычайна мерапрыемствы кантролю. Гэта ў першую чаргу звязана з бяспекай нашай радзімы, — адзначыў Канстанцін Моластаў. — З улікам тых абставінаў, якія адбываюцца цяпер у свеце, і ўсяго астатняга, гэтыя мерапрыемствы адпаведна праводзяцца. У які час і якія мерапрыемствы праводзяцца? Гэта ўсё ў адпаведнасці з паўнамоцтвамі і законамі Рэспублікі Беларусь «Аб дзяржаўнай мяжы» і «Аб органах памежнай службы». Таму, скажам так, пакуль ёсць такая неабходнасць, мерапрыемствы праводзяцца. Калі патрэбы такой не будзе, можа, нешта зменіцца.
— То-бок пакуль нічога мяняцца не будзе?
— Праводзяцца ўсе мерапрыемствы для забяспечання нацыянальнай бяспекі і бяспекі ўсіх грамадзян Рэспублікі Беларусь. Вы, напэўна, разумееце і бачыце, што адбываецца вакол нашай краіны. Галоўнае, каб у нас у краіне быў парадак.
— Проста я думала, а вось якая пагроза? Калі чалавек, напрыклад, здзейсніў нейкае злачынства, то наўрад ці ж ён праз мяжу на аўтобусе так проста паедзе. А тады каго і навошта там правяраюць?
— Гэта ўжо абстрактныя тэмы. Калі ў вас ёсць яшчэ нейкія канкрэтныя пытанні, то задавайце. Калі не — так [давайце заканчваць], цяпер жывая лінія, вялікая колькасць званкоў.
Чытайце таксама


